мата́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. матаць 1 (у 1, 2 знач.) і стан паводле дзеясл. матацца 1 (у 1, 2 знач.).
мата́нне 2, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. матаць 2.
матану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце.
Зак. да матаць 1 (у 3 знач.). Блізнюк, як спуджаны заяц, матануў за кулісы сцэны і знік там. Сабаленка.
матарызава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад матарызаваць.
2. у знач. прым. Аснашчаны механічным транспартам (пра войска). Матарызаваны полк.
матарызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
Аснасціцца (аснашчацца) маторамі, механічным транспартам.
матарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
Аснасціць (аснашчаць) маторамі, механічным транспартам. Матарызаваць армію. Матарызаваць сельскую гаспадарку.
матарыза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. матарызаваць.
матары́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Рабочы, які абслугоўвае маторы, рухавікі.
матары́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да матарыст.
мата́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рухацца з аднаго боку ў другі, знаходзячыся ў вісячым становішчы. У руках абедзвюх жанчын маталіся белыя хустачкі. Гартны.
2. Разм. Праводзіць час у раз’ездах, клапоцячыся аб чым‑н. [Муж] усё прападаў у камандзіроўках. Матаўся па ўсёй Мурманскай вобласці. Кудравец.
3. Зал. да матаць 1 (у 1 знач.).
мата́цца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да матаць 2.
матацы́кл, ‑а, м.
Падобная на веласіпед машына з рухавіком ўнутранага згарання. Раптам аднекуль уварваўся рэзкі строкат матацыкла. Паслядовіч.
[Фр. motocycle.]