Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

масці́ты, ‑ая, ‑ае.

Які заслужыў сваёй шматгадовай плённай дзейнасцю павагу і прызнанне. Масціты вучоны.

масці́цца, машчуся, мосцішся, мосціцца; незак.

1. Зручна размяшчацца, уладкоўвацца. Толя злажыў манаткі ў носе лодкі .. і пачаў масціцца на начлег. Брыль.

2. перан. Разм. Мець намер, намервацца. Дзіўныя ў .. [Максімкі] адносіны з Язэпам. Мосціцца ўсё пасябраваць з ім. Хадановіч.

3. Зал. да масціць (у 1, 2 знач.).

масці́ць, машчу, мосціш, мосціць; незак., што.

1. Рабіць насціл з дошак, бярвенняў і пад. Масціць падлогу. □ Ля берага Дзвіны стаялі баржы, іх злучалі, масцілі паверх дошкамі. Хадкевіч. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Якімовіч.

2. Тое, што і брукаваць. — Рабіў, што траплялася. Брук масціў, печы мураваў, а пасля пры кавалях быў. Чорны.

3. Разм. Старанна ўкладваць, размяшчаць. Масціць мяшкі на воз. // Высцілаць чым‑н. для больш зручнага карыстання. Воз рыхтуюць звечара. Мажуць дзёгцем калёсы, мосцяць канюшынай .. сядзенне, кладуць для нечага дошкі... Васілевіч. [Падводчык] час ад часу злазіў з саней, на хаду папраўляў хамут, затым, пакрэктваючы, масціў пад сябе салому. Бажко.

масці́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і масцікавы.

масць, ‑і, ж.

1. Колер шэрсці ў жывёлы і пер’я ў птушак. Карнікі ўз’ехалі на двор. Пад пярэднім, паручнікам, аж гарцавала танканогая, блішчастай гнядой масці кабыліца. Скрыган. Калгаснік меў курэй багата: Стракатых, шэранькіх, чубатак, — Ну, словам, — рознай масці... Валасевіч.

2. Адна з чатырох частак, на якія дзеліцца калода ігральных карт паводле колеру і формы ачкоў. Званковая масць.

•••

Адной масці — аднолькавыя ў якіх‑н. адносінах.

Пад масць (не пад масць) — падыходзіць (не падыходзіць).

Усіх (розных) касцей — розных відаў, напрамкаў і поглядаў (звычайна аб палітычных праціўніках).

масье́, нескл., м.

1. Назва мужчыны ў Францыі і некаторых іншых краінах, якая звычайна далучаецца да прозвішча; пан.

2. Разм. У дарэвалюцыйнай Расіі — выхавальнік, гувернёр (звычайна пра француза).

[Фр. monsieur — пан.]

масянжо́вы, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае адносіны да мосенжу. // Зроблены з мосенжу. На камодзе красаваліся масянжовыя падсвечнікі. Бядуля.

2. Колеру мосенжу, бронзавы. Масянжовы загар. □ Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, трох[і] сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.

мат 1, ‑а, М маце, м.

1. Становішча ў шахматнай гульні, калі кароль, знаходзячыся пад ударам фігуры праціўніка, не можа абараніцца, што азначае пройгрыш партыі.

2. перан. Безнадзейнае становішча.

[Перс. māt — памёр.]

мат 2, ‑а, М маце, м.

Брыдкая лаянка. [Карніцкі:] — Бывай здароў і раз назаўсёды запомні: размаўляць са мною пры дапамозе мата не дазволю. Паслядовіч.

ма́та, ‑ы, ДМ маце, ж.

Пляцёнка з саломы, травы і пад., якой завешваюць вокны, уцяпляюць дзверы і якую сцелюць на падлогу. Каля парога ў сталоўцы была паслана мата з саломы — выціраць ногі. Колас. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго пасунулі да самага стала, насупраць завешанага саламянай матай акна. Шамякін.

[Гал. і англ. mat.]

ма́тавасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць матавага. Матавасць шкла.