маслазаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Завод па вырабу масла (у 1 знач.) і алею.
масла́к, ‑а, м.
Разм. Вялікая косць, пераважна сцегнавая; вытырклая косць.
масларо́б, ‑а, м.
Спецыяліст па вырабу масла.
масларо́бства, ‑а, н.
1. Працэс перапрацоўкі малака ў масла.
2. Галіна малочнай прамысловасць якая вырабляе масла.
масларо́бчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да масларобства; звязаны з вырабам масла (у 1 знач.).
ма́сленіца 1, ‑ы, ж.
Пасудзіна, падобная на місачку з накрыўкай, у якой падаюць масла на стол.
ма́сленіца 2, ‑ы, ж.
1. Свята провадаў зімы ў старажытных славян і іншых народаў, аднесенае хрысціянскай царквой на нядзелю перад т. зв. «вялікім постам». Была масленіца. Непадалёк, на сажалцы, хлопцы і дзяўчаты круцілі карусель. Асіпенка.
2. перан. Разм. Аб добрым, прывольным жыцці. Не жыццё, а масленіца. □ А з учарашняга дня дык у Венькі зусім масленіца: бацькі паехалі на поўдзень адпачываць, а яго пакінулі на бабулю. Шыловіч.
ма́сленічны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да масленіцы 2. Улан расцвіў, як масленічны блін. Танк.
ма́слены, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да масла. Масленая вытворчасць. Масленая пляма.
2. Спец. Які працуе на масле (у 2 знач.), пры дапамозе масла. Маслены выключацель. Маслены фільтр.
3. Намазаны, насычаны маслам. [Таня] нахілілася, падняла масніцу падлогі і дастала, з-пад яе нешта, загорнутае ў масленую анучку. Шамякін. Дудзько са шчаціністай чорнай барадой, з масленымі валасамі, падстрыжанымі «пад гаршчок», .. сядзеў у канцы стала. Пестрак.
4. перан. Саладжавы, ліслівы, падлізлівы. Рэгістратар глытае масленыя словы Гарбулёва. Бядуля. Такі ён [ханжа] маслены, прылізаны, харошы, А што ні слова — то з варэннем пірагі... Валасевіч.
5. перан. Як бы пакрыты маслам; юрлівы (пра вочы, позірк).
•••
Масла масленае гл. масла.
маслёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Вадкасць, якая застаецца пасля збівання масла. Зноў пайшла [жанчына] у хату і вярнулася з двума вялікімі кубкамі і збанком яшчэ свежай маслёнкі. Брыль.
2. Прыстасаванне для змазкі машын. Ручная маслёнка. Аўтаматычная маслёнка. □ Прамазучаны змазчык, жангліруючы на хаду пустой маслёнкай, пайшоў па пероне. Лынькоў.