Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гарла́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што і без дап.

Разм. Тое, што і гарлапаніць. Салдаты ад нуды бадзяліся па вуліцах, гарланілі песні. Хомчанка.

гарлапа́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто гарлапаніць; крыкун, гарлан. Гарлапан Якуб, які мог крычаць.. дзве гадзіны запар, у момант сцішваўся, вытарашчваў чорныя вочкі. Васілевіч.

гарлапа́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што і без дап.

Разм. Моцна, на ўсё горла крычаць, пець; гарланіць. Недзе кудахтаюць куры, гарлапаніць певень. Бажко. У .. шынку ўжо гарлапанілі песню. Асіпенка. // Крыкліва гаварыць, спрачацца, дамагаючыся свайго.

гарла́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З гучным крыклівыя голасам; галасісты. Спяваў гарласты певень, адзін перад другім захлёбваліся брэхам сабакі. Васілевіч. Кожны дзень на дварэ школы высокі гарласты афіцэр муштраваў салдат, якія ахоўвалі майстэрню. Пятніцкі. // Які любіць пакрычаць, паспрачацца. [Дзяк] быў крыклівы, гарласты і сваё права бараніў з такім жарам, што толькі Тарас Іванавіч Шырокі, стукнуўшы кулаком-малатком перад носам Памахайліка, наводзіў на яго страх і змушаў заціхаць. Колас.

гарлахва́т, ‑а, М ‑ваце, м.

Разм. Чалавек, які груба дамагаецца для сябе чаго‑н., імкнецца да найбольшай выгады.

гарла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Крычаць, гарланіць. Усе [суседзі] чулі ад слова да, слова, што гаварыў Гамрэкелі, бо ён знарок гарлаў па ўвесь пасёлак. Самуйлёнак. І чайкі гарлаюць на ўсе галасы на дым парахода, на парус касы. А. Вольскі.

гарла́ч, ‑а, м.

Від збана з вузкім горлам. Гарлач з малаком. □ Сцюдзёнку ў гарлачах на жніва Няслі дзяўчаты ад крынічкі. Калачынскі.

гарла́чык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да гарлач.

2. Вадзяная расліна сямейства гарлачыкавых з вялікімі лістамі і белымі або жоўтымі кветкамі; вадзяная лілія. Лена апусціла руку ў ваду, сарвала вялікую белую кветку гарлачыка. Ваданосаў.

гарла́чыкавыя, ‑ых.

Сямейства вадзяных травяністых двухдольных раслін, да якіх адносіцца гарлачык белы, гарлачык жоўты і інш.

гарлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Уст. Шчыры, старанны.