Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рагато́к, ‑тка, м.

Кароткі, стрыманы рогат (у 1 знач.). З тым жа вясёлым, бесклапотным рагатком [Яўхім] шухнуў у твань. Мележ.

рагату́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто любіць смяяцца, рагатаць; смяшлівы чалавек. [Цёця Вера:] — Ну, спаць, рагатуны. А то людзі ўсю ноч разбяруць. Чуеце, вунь як ціха?.. Брыль.

рагату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Жан. да рагатун.

рага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае рогі. Буйная рагатая жывёла. □ Які вялікі ён [лось], рагаты, Паджары і стрынгаляваты. Колас. Каровы заўсёды ідуць спаважнай цяжкаю ступою, дабрадушна трасучы рагатымі ілбамі. Якімовіч. / у знач. наз. рага́ты, ‑ага, м.; рага́тая, ‑ай, ж. Няма куды рагатаму падзецца. Спужаўся ён, аж дыхаць заняло. Корбан.

2. З выгнутымі вострымі канцамі, падобнымі на рогі. Зоры ў небе чыстым, Вішні каля хаты, За кляновым лістам Маладзік рагаты. Астрэйка. Павесіўшы шапку на рагатую вешалку, што стаяла побач, не распранаючыся, [Юрка] падсеў да дзяўчыны. Карпаў.

3. Разм. Якому здраджвае жонка, абмануты жонкай.

рага́ціна, ‑ы, ж.

1. Старадаўняй воінская зброя ў выглядзе вострага кап’я, насаджанага на кароткае дрэўка. Крыжаносцы секлі ўзброеных дубінамі і рагацінамі .. апалчэнцаў. «Маладосць».

2. Паляўнічая зброя ў выглядзе вострага з абодвух бакоў нажа на доўгім дрэўку. Хадзіць з рагацінай на мядзведзя. □ — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.

3. Разм. Рагуліна. Каля адной бярозы стаяў на дзвюх рагацінах выдзеўбаны з кругляка жалабок. Паўлаў.

рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

раго́жа, ‑ы, ж.

Грубая плеценая тканіна з лубяных палосак (для ўпакоўкі, накрывання чаго‑н. і пад.). Выбягаюць з класнага вагона салдаты, грузяць у цяплушкі .. запакаваную ў рагожу мэблю. Лужанін. // Мачалка з лубяных палосак; вяхотка. Каля дзвярэй некалькі старэнькіх дзядкоў неміласэрна церлі адзін аднаму рагожамі спіны. Чорны.

раго́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш. да рагожа. // Падсцілка з рагожы.

2. Баваўняная або палатняная тканіна, ніці ў якой пераплятаюцца папарна.

раго́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рагожы. Рагожная тканіна. Рагожны вехаць. // Зроблены з рагожы. Грузавік быў нагружаны вочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. // Крыты рагожай. Рагожная кібітка. Рагожны будан.

раго́жына, ‑ы, ж.

Разм. Кавалак рагожы.