мане́ўр, ‑а, м.
1. Перамяшчэнне баявых сіл з мэтай нанесці ўдар праціўніку. Кавалерыйскі атрад Жаўны.. павінен зрабіць абходны манеўр і зайсці ў тыл немцам. Шамякін.
2. перан. Прыём з мэтай ашукаць, перахітрыць каго‑н. Таня зразумела нескладаны манеўр юнака: ён хацеў прабіцца без чаргі і заняць у вагоне месца на ўсю шумлівую кампанію. Даніленка.
3. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Тэхнічныя заняткі вялікай колькасці войск або флоту ва ўмовах, блізкіх да баявых. — Ні дрэннае надвор’е, ні суровыя баявыя абставіны, — гаварыў камдыў, — не маглі зламаць волі і ўпартасці байцоў на манеўрах. Каваль.
4. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Перамяшчэнне вагонаў і паравозаў на чыгуначных пуцях для састаўлення паяздоў.
[Фр. manoeuvre.]
манеўрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. манеўраваць.
манеўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Рабіць манеўр, манеўры (у 1, 3 і 4 знач.). Манеўраваць у гэтым лесе не было як, і Андрэю прыйшлося адыходзіць проста да Дняпра па .. прырэчнай нізіне. Няхай. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. Шамякін.
2. Лавіраваць, абыходзіць перашкоду. Шафёр пачаў манеўраваць, каб зручней пад’ехаць да месца. Хадкевіч. Людзей было столькі, што, каб прайсці, неяк трэба было абходзіць, манеўраваць, выкручвацца. Сабаленка.
3. перан. Дзейнічаць так, каб ашукаць каго‑н.; хітрыць.
4. перан.; чым. Перасоўваць, пераразмяркоўваць што‑н. для лепшага выкарыстання. Веданне тэхнікі, уменне правільна ёю манеўраваць забяспечылі.. механізатару поспех. «Звязда».
[Ад фр. manoeuvrer.]
мане́ўранасць, ‑і, ж.
Здольнасць манеўраваць. Манеўранасць камбайна. Манеўранасць войск.
мане́ўраны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вядзецца з прымяненнем манеўра (у 1 знач.), без доўгачасовых умацаванняў; проціл. пазіцыйны. Манеўраная вайна.
2. Здольны хутка мяняць напрамак руху. Манеўраныя атрады.
манеўро́вы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да манеўра (у 4 знач.), прызначаны для манеўраў. Прагрукацеў міма манеўровы паравоз, цягнучы за сабою цыстэрны. Васілёнак.
манжэ́та, ‑ы, ДМ ‑жэце, ж. і манжэ́т, ‑а, М ‑жэце, м.
1. Абшлаг або абшыўка рукава кашулі, блузкі, калашыны штаноў і інш. [Маладая жанчына] была ў доўгай цёмнай сукенцы з карункавым каўняром і такімі ж манжэтамі. Арабей.
2. Спец. Кольца, якое перашкаджае перацяканню вадкасці, газу ў поршневых помпах, а таксама служыць для змацавання канцоў труб. // Павязка ў апараце, які служыць для вымярэння ціску крыві. [Авіяцыйны ўрач] акуратна абхапіў руку Сцяпанава чорным манжэтам. Вымяраў крывяны ціск, паслухаў сэрца, лёгкія. Алешка.
[Фр. manchette.]
манжэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да манжэты, манжэта. Манжэтныя запінкі. Манжэтныя карункі.
маніёк, ‑у, м.
1. Вечназялёная, трапічная кустовая расліна сямейства малачаевых, з карэнняў якога атрымліваюць муку.
2. Мука з карэнняў гэтай расліны.
[Ісп. manioca ад інд. mandihoca.]