Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

курча́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і кучаравы. Дзяўчына к хлопцу туліцца Курчавай галавой. Астрэйка.

курчато́вій, ‑ю, м.

Штучна атрыманы радыеактыўны хімічны элемент з атамным нумарам 104.

[Ад уласн. імя.]

ку́рчыцца і ко́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Сціскацца ўсім целам, скручвацца (ад холаду, болю і пад.). Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Колас. [Хлопец] быў ранены ў ногі і ў жывот і вельмі пакутліва курчыўся ў агоніі, сілячыся штосьці сказаць непаслухмяным языком. Мележ. У жыце, схапіўшыся за нагу, корчыўся Вано. Няхай.

2. Рабіцца няроўным, пагнутым; крывіцца, выгінацца. [Машыніст] саскочыў на зямлю, пераступіў цераз разарваны тэлефонны провад, што курчыўся на снезе. Мележ. На агні адставала ад дрэва кара; шэрая, яна корчылася, што гадзюка, і з яе капала вада. Пташнікаў.

ку́рчыць і ко́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. звычайна безас. Балюча зводзіць мышцы цела. Яго ўсяго курчыць. □ Будзе хвароба іх цела корчыць. Куляшоў. // перан. Разм. Выклікаць вельмі непрыемныя пачуцці. Калі .. [Сцяпан] чуў у хаце слова «млын» — яго адразу пачынала курчыць. Ракітны.

2. Згінаць, падгінаць. Ногі мае босыя, і я ад роснай золкасці, ідучы, курчу на нагах пальцы. Баранавых.

3. (корчыць); каго. Разм. Прыкідвацца кім‑н., строіць з сябе каго‑н. Уладусь корчыў з сябе шляхціца. Чарнышэвіч. [Арэхаў] быў мацнейшы, больш загартаваны і ўвесь час стараўся корчыць з сябе інтэлігента. Няхай.

•••

Лодара корчыць — гуляць, бяздзейнічаць.

ку́ры,

гл. курыца.

ку́рыва, ‑а, н.

Разм. Тое, што кураць; папяросы, тытунь. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк. «Можа, закурыць у яго ёсць. А то і рыба не клюе і курыва выйшла», — падумаў Раманчык і пайшоў ад берага насустрач чалавеку. Пальчэўскі. // Дым ад курэння. Столь і сцены белыя Курывам ахутаны, Дні і ночы цэлыя Засядаюць, гутараць. Глебка.

куры́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Тое, што і курыльня. — У думках я ўзрушваюся да таго, што выкурваю ў курылцы запар тры папяросы. Васілевіч. — Таварышы, нельга курыць тут. Ёсць курылка. Шамякін.

куры́льніца, ‑ы, ж.

Пасудзіна, у якой спальваюць пахучыя рэчывы для абкурвання каго‑, чаго‑н.

куры́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для курэння (у 1 знач.). Курыльны тытунь. Курыльная папера.

куры́льня,

Пакой для курэння (у 1 знач.).