Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маро́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Травяністая балотная расліна з белымі кветачкамі і аранжавымі ягадамі.

2. зб. Ягады гэтай расліны. Спелай марошкай ірдзее Скрозь і лагчына і яр. А. Александровіч.

маро́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да марошкі. // Прыгатаваны з марошкі. Марошкавае варэнне.

марс, ‑а, м.

Невялікая пляцоўка на мачце карабля для назірання за гарызонтам і для работы з парусамі.

[Гал. mars.]

ма́рсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да марса. Марсавы парус.

марсавы́, о́га, м.

Матрос, які нясе вахту на марсе.

марселі́н, ‑у, м.

Лёгкая мяккая шаўковая тканіна (разнавіднасць тафты).

[Фр. marseline, ад назвы горада Сен-Марсель.]

марселі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да марселіну. Марселінавая тканіна. // Пашыты з марселіну. Марселінавая сукенка.

ма́рсель, ‑я, м.

Спец. Прамы чатырохвугольны парус на мачце, які падымаецца над ніжнім галоўным парусам.

[Гал. marszeil].]

марселье́за, ‑ы, ж.

Французская рэвалюцыйная песня, якая стала потым нацыянальным гімнам Францыі. Загрымеў пляск апладысментаў, а хтосьці паспеў зацягнуць марсельезу. Гартны.

[Фр. Marseillaise, ад назвы горада Марсель.]

ма́рсельны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да марселя. Марсельная мачта.

марсія́не, ‑ян; адз. марсіянін, ‑а, м.; марсіянка, ‑і, ДМ ‑янцы; мн. марсіянкі, ‑нак; ж.

Назва ўяўных жыхароў планеты Марс.