Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мармыту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Жан. да мармытун.

мармы́ш, ‑а, м.

Невялікі вадзяны рачок. На мармыша добра ловіцца акунь.

мармы́шка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑шак; ж.

Адлітая са свінцу штучная прынада для лоўлі рыбы; разнавіднасць блясны.

ма́рна,

1. Прысл. да прым. марны (у 1 знач.).

2. у знач. вык. Дарэмна, упустую. Колькі разоў Ларывончык рабіў спробу звязацца з іншымі партызанскімі атрадамі, але ўсё марна. Сабаленка.

марнава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. марнаваць.

марнава́цца, ‑нуецца; незак.

1. Траціцца без карысці, прападаць, не ісці на карысць. Марнуюцца сілы. □ Аляксей пагушкаў лямпу на выцягнутай далоні і ўсміхнуўся: — Неашчадна! Гэта ж кілаграмы тры каляровага металу марнуецца. Б. Стральцоў.

2. Тое, што і мардавацца (у 2 знач.). — Ну, Андрушка, пускай дзяцей ды паедзем у Пінск. Годзе табе ўжо марнавацца тут. Колас. — У вёсцы дабра [Рыгор] не бачыў, а цяпер у турме марнуецца. Бажко.

3. Зал. да марнаваць.

марнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Траціць без карысці, марнатравіць. Марнаваць грошы. Марнаваць час. □ Я не для бас, паны, о не, Свае дні лепшыя марную, — У вечнай з мукамі вайне Жыву і радасці не чую. Купала.

2. каго. Мучыць, стамляць. [Антаніна:] — Дакуль гэта, дзеўка, ты будзеш сябе марнаваць? Не ў адной цябе такое няшчасце. Васілевіч. Я цэлымі днямі не выходзіў з Мальвінінага пакойчыка і ўсё паўтараў, што так марнаваць сябе не трэба. Сачанка. Сапраўды, Міхал не любіў пераліваць з пустога ў парожняе, не любіў марнаваць людзей бясконцымі прамовамі. Васілевіч.

марнасло́ў, ‑слова, м.

Разм. Той, хто любіць многа гаварыць; балбатун, пустаслоў.

марнасло́ўе, ‑я, н.

Пустая размова, пустаслоўе.

марнасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Схільны да марнаслоўя.