Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).

Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.

•••

На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.

На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.

мане́ра, ‑ы, ж.

1. Спосаб дзеяння, прыём. Тое, што мы завём подзвігам, — для.. [М. Багдановіча] натуральная манера мысліць і жыць. М. Стральцоў. Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта, і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Колас. // Звычка, прывычка. — Што за манера з госцем праз зачыненыя дзверы размаўляць? Новікаў.

2. Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс творчасці. Пісьменнік [К. Чорны] прынёс у літаратуру свае тэмы, арыгінальную манеру пісьма. Лужанін.

3. толькі мн. (мане́ры, ‑пер). Знешнія формы паводзін, спосаб трымацца. Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігентны чалавек.. Непасрэдныя і сяброўскія манеры гэтага чалавека выклікалі мяне да шчырасці. Карпюк. [Язэп] чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. Колас.

мане́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Паходная металічная пляшка з накрыўкай або біклажка для віна ці вады. // Накрыўка ад гэтай пляшкі ў выглядзе шклянкі.

2. Разм. Круглая бляшанка.

мане́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць манернага. Народнае мастацтва не церпіць манернасці.

мане́рнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. манернічаць.

мане́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Ненатуральна паводзіць сябе; крыўляцца. Спачатку .. [Касьянава] манернічала і іграла дзяўчыну «не ад гэтага свету». «Полымя».

мане́рны, ‑ая, ‑ае.

Ненатуральны, пазбаўлены прастаты. Манерная ветлівасць. Манерная мода. Манерная назва кнігі.

мане́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм. Тое, што і манернічаць.

мане́та, ‑ы, ДМ ‑неце, ж.

1. Металічны грашовы знак. Спытаўшы, як яго завуць, Місюк працягнуў хлопчыку белую манету. Пальчэўскі. [Чырвонаармеец] нёс у шапцы кучу залатых манет. Бядуля.

2. зб. Разм. Металічныя грошы. Чаканіць манету.

•••

Адплаціць (плаціць) той жа манетай гл. адплаціць.

Звонкая манета — тое, што і манета (у 2 знач.).

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

[Лац. moneta.]

мане́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манеты. Манетны фонд. // Які мае адносіны да чаканні манет. Манетны станок.

•••

Манетны двор гл. двор.