Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліміта́цыя, ‑і, ж.

Устанаўленне ліміту, абмежаванне.

лімі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліміту. Лімітная стаўка. Лімітныя цэны.

лімналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да лімналогіі. Лімналагічныя даследаванні. Лімналагічныя здымкі.

лімнало́гія, ‑і, ж.

Спец. Аддзел гідралогіі, які вывучае ўнутраныя воды (азёры, сажалкі і пад. вадаёмы).

[Ад грэч. limnē — стаячая вада, возера і logos — вучэнне.]

лімно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне лімналогіі.

лімо́н, ‑а, м.

1. Паўднёвае вечназялёнае пладовае цытрусавае дрэва сямейства рутавых.

2. Авальны плод гэтага дрэва з тоўстай пахучай жоўтай скуркай, кіслы на смак. [Клопікаў:] — Чайку, чайку паспытайце З лімончыкам... Італьянскім... Лімоны ў іх, дай божа. Лынькоў.

[Перс. līmūn.]

лімонападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які па выгляду нагадвае лімон. Лімонападобная дыня.

лімо́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы, ж.

Разм. Гарэлка, настоеная на лімонных лупінках.

лімо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Сорт ігруш, падобных па сваёй форме на лімон.

2. Разм. Ручная граната, падобная па форме на лімон. Акрамя аўтаматаў, кабураў з наганамі, на паясах — гранаты-лімонкі, пляскатыя нямецкія нажы ў раменных футаралах. Навуменка.

лімоннакі́слы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лімоннай кіслаты; які змяшчае ў сабе лімонную кіслату. Лімоннакіслы хінін.