курта́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З кароткім хвастом (пра жывёл). Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Скрыган.
2. Недастатковага росту; малы, кароткі. У натоўпе, што імгненна радзеў, Міхась заўважыў куртатага няўклюднага чалавека і вельмі ўзрадаваўся. Асіпенка. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Галавач. / Пра пальцы. Калі Дарошка прыкурвае, я заўважаю, што вялікі палец на яго правай руцэ нейкі куртаты. Шынклер.
3. Кароткі, цесны (пра адзенне). Куртаты пінжак.
4. перан. Іран. Абмежаваны, няпоўны. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча: куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар [якога] зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах. Багдановіч.
ку́ртачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да куртка; невялікая, дзіцячая куртка. Другі [хлопчык] — чарнявы, у паласатых штоніках і жоўтай куртачцы. Арабей.
ку́ртачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да курткі.
ку́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Верхняя кароткая вопратка, якая зашпільваецца на гузікі ці на замок. Скураная куртка. □ Сцяпан Струк быў у паношанай шэрай суконнай куртцы сваёй работы. Пестрак.
куртыза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Уст. Жанчына лёгкіх паводзін, якая мела апекуноў у арыстакратычным асяроддзі.
[Фр. courtisane.]
курулта́й, ‑я, м.
З’езд, агульны сход у некаторых мангольскіх і цюркскіх народаў.
[Цюрк.]
курфю́рст, ‑а, М ‑сце, м.
Уладарны князь у феадальнай Германіі, які меў права ўдзельнічаць у выбарах імператара.
[Ням. Kurfürst.]
курці́на, ‑ы, ж.
1. Уст. Града для кветак або іншых раслін; клумба.
2. Участак, засаджаны адной пародай дрэў, а таксама група дрэў адной пароды.
3. Уст. Частка крапаснога вала паміж двума бастыёнамі.
[Фр. courtine.]
курцо́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і курэцкі. Курцоўскія прылады.
курч, ‑у, м.
Балючае скарачэнне мышц цела; сутарга. Юлік Барановіч паглядзеў на курыцу і сказаў: — Ці не курч на яе напаў, вельмі ж яна ступае неяк фацэтна, прысядаючы. Чорны.