Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

та́лер, -а, мн. -ы, -аў, м.

Сярэбраная манета ў Заходняй Еўропе ў 16—19 стст.

талера́нтны, -ая, -ае.

Цярпімы.

|| наз. талера́нтнасць, -і, ж.

тале́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Від сталовага посуду круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі.

Набор талерак.

Глыбокая т.

2. мн. Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў.

|| памянш. тале́рачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

та́лі, -яў (спец.).

Сістэма блокаў для падымання грузаў на судне.

|| прым. та́левы, -ая, -ае.

талісма́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Паводле народных уяўленняў: прадмет, які прыносіць яго ўладальніку шчасце, удачу.

та́лія, -і, мн. -і, -лій, ж.

Найбольш вузкая частка тулава паміж грудзьмі і клубамі, а таксама частка адзення, якая аблягае гэта месца.

Пінжак, звужаны ў таліі.

талкава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; незак. (разм.).

1. з кім-чым, пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Гутарыць, весці гаворку.

Мужчыны талкавалі пра нарыхтоўку кармоў.

2. каму. Растлумачваць што-н.

Колькі не талкавалі яму — нічога не мог зразумець.

|| наз. талкава́нне, -я, н.

талко́вы, -ая, -ае.

1. Разумны, кемлівы; дзелавіты.

Т. работнік.

2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы.

Талковае выступленне.

|| наз. талко́васць, -і, ж.

Талму́д, -а, М -дзе, м. (з вялікай літары).

У іўдзейскай рэлігіі: звод тлумачэнняў Старога Запавету і рэлігійныя, маральныя, бытавыя прадпісанні, заснаваныя на гэтых тлумачэннях.

|| прым. талмуды́сцкі, -ая, -ае.

талмуды́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

1. Паслядоўнік вучэння, выкладзенага ў Талмудзе, і тлумачальнік Талмуда.

2. перан. Начотчык, схаласт.