стра́ціць, стра́чу, стра́ціш, стра́ціць; стра́чаны; зак.
1. каго-што. Застацца без каго-, чаго-н.; панесці страты.
С. сябра.
С. працу.
У вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга.
2. што. Без карысці, марна патраціць што-н. (пра час, грошы і пад.).
С. цэлы месяц.
С. многа грошай без патрэбы.
3. што. Не захаваць, не зберагчы што-н.
С. сілы і здароўе.
4. што. Часткова або поўнасцю пазбавіцца якіх-н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад.
С. надзею.
С. давер.
С. сувязь з аднакласнікамі.
5. што. Збіцца з дарогі, згубіць след.
С. сцежку.
◊
Страціць ласку ў каго — перастаць быць у пашане, павазе.
Страціць прытомнасць — абамлець, самлець.
Страціць розум — здурнець.
|| незак. стра́чваць, -аю, -аеш, -ае.
страчавы́шыты, -ая, -ае (спец.).
Упрыгожаны вышыўкай ці ажурнай строчкай.
Страчавышытыя вырабы.
страчо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.
Падобны на смаржок грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай.
|| прым. страчко́вы, -ая, -ае.
страчы́ць, страчу́, стро́чыш, стро́чыць; стро́чаны; незак.
1. што і без дап. Шыць на швейнай машыне, вышываць суцэльным швом.
С. сукенку.
С. цэлы вечар.
2. перан., што і без дап. Хутка, паспешна пісаць (разм.).
С. ліст.
3. перан., без дап. Страляць (пра частую стральбу з аўтаматычнай зброі).
С. з кулямёта.
|| зак. настрачы́ць, -страчу́, -стро́чыш, -стро́чыць; -стро́чаны (да 2 знач.) і прастрачы́ць, -страчу́, -стро́чыш, -стро́чыць; -стро́чаны (да 1 знач.).
стра́шны, -ая, -ае.
1. Які выклікае пачуццё страху.
С. звер.
Страшнае здарэнне.
Страшна (прысл.) у лесе перад навальніцай.
У жыцці было і страшнае (наз.).
2. Вельмі вялікі або моцны па ступені праяўлення чаго-н., значны (разм.).
С. холад.
С. выбух скалануў паветра.
3. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі.
Балючая і страшная вестка.
страшы́дла, -а, мн. -ы, -аў, н. (разм.).
Той, хто (або тое, што) мае страшны выгляд; той, хто (або тое, што) выклікае страх; страхоцце, пужала.
стра́шыць, -шу, -шыш, -шыць; незак., каго (што).
Прымушаць баяцца каго-, чаго-н., выклікаць у каго-н. страх.
С. дзяцей.
страяві́к, страевіка́, мн. страевікі́, страевіко́ў, м. (разм.).
Вайсковец страявых часцей.
страявы́¹, -а́я, -о́е.
Які мае адносіны да строю¹ (у 1 знач.), звязаны з дзеяннем войска ў страі.
Страявая падрыхтоўка войска.
Страявая песня.
Страявая часць.
страявы́², -а́я, -о́е.
Пра лес: высокі і роўны, прыгодны для будаўніцтва.
С. лес.