Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

стра́ус, -а, мн. -ы, -аў, м.

Бескілявая нелятаючая птушка з моцнымі заднімі канечнасцямі, доўгай шыяй і невялікай галавой, адзіны сучасны прадстаўнік сямейства страусавых.

|| прым. стра́усавы, -ая, -ае.

Страусавая палітыка — баязлівае імкненне ўхіліцца ад рашэнняў, пазбягаць рэальнасці, не заўважаць рэчаіснасці.

страусяня́ і страусянё, -ня́ці, мн.я́ты, -ня́т, н.

Птушаня страуса, маленькі страус.

стра́ўліванне гл. стравіць¹.

стра́ўлівацца гл. стравіцца.

стра́ўліваць¹ гл. стравіць¹.

стра́ўліваць² гл. стравіць².

стра́ўнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Орган стрававання чалавека і жывёл.

|| прым. стра́ўнікавы, -ая, -ае.

стра́ўны гл. страва.

страфа́, -ы́, мн. стро́фы і (з ліч. 2, 3, 4) страфы́, строф, ж.

У вершаскладанні: інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі; адносна закончаная частка вершаванага твора.

|| прым. страфі́чны, -ая, -ае.

страх, -у, мн. стра́хі, -аў, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху.

Самлець ад страху.

2. у знач. вык. Страшна (разм.).

Мароз такі — проста с.

3. у знач. прысл. Надзвычай многа (разм.).

Грыбоў у лесе с.!

Набрацца страху — некаторы час знаходзіцца ў стане моцнай боязі.

На свой страх (рабіць што-н.) — на сваю адказнасць, рызыку.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Трымаць у страху каго-н. — падначаліць сабе пагрозамі.

У страха вочы вялікія — баязліўцу заўсёды страшна (прыказка).