Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

разбе́гчыся, -бягу́ся, -бяжы́шся, -бяжы́цца; -бяжы́мся, -бежыце́ся, -бягу́цца; -бе́гся, -бе́глася; -бяжы́ся; зак.

1.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра многіх: бягом накіравацца ў розныя бакі.

Дзеці з шумам разбегліся.

2. Прабегчы некаторую адлегласць, каб падрыхтавацца да скачка, пад’ёму і пад.

Разбегся і скочыў.

Перад скачком трэба добра р.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра думкі: страціць здольнасць сканцэнтравацца на чым-н.

Вочы разбегліся ў каго (разм.) — не ведае, што выбраць, на чым спыніцца.

|| незак. разбяга́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. разбе́г, -у, м. і разбе́жка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 2 знач.).

Разбег самалёта (даўжыня прабегу па зямлі да моманту ўзлёту). Разбежка перад скачком.

З разбегу

а) набраўшы скорасць, разбегшыся;

б) не змогшы спыніцца пасля бегу.

разбе́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (разм.).

1. гл. разбегчыся.

2. Размінка бегам перад спартыўнымі выступленнямі.

3. Разыходжанне, несупадзенне ў чым-н.; супярэчнасць.

Р. ў два міліметры.

разбе́жнасць, -і, мн. -і, -ей, ж.

Тое, што і разбежка.

Можна было заўважыць разбежнасці з планам.

разбінтава́цца, -ту́юся, -ту́ешся, -ту́ецца; -ту́йся; зак.

1. Зняць з сябе бінт.

Ранены разбінтаваўся.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разматацца, развязацца (пра бінт, павязку і пад.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вызваліцца ад бінту, павязкі і пад. (разм.).

Палец разбінтаваўся.

|| незак. разбінто́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

разбінтава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак., каго-што.

Размотваючы, зняць бінт з каго-, чаго-н.

Р. нагу.

|| незак. разбінто́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

разбіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. гл. разабрацца.

2. Разнімацца на часткі, быць разборным.

3. Быць добра дасведчаным, адукаваным у якой-н. галіне.

Р. ў музыцы.

разбіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. гл. разабраць.

2. каго-што. Выбіраючы, разборліва разглядаць.

Ісці, не разбіраючы дарогі.

3. каго-што. Крытычна абмяркоўваць (паводзіны, чые-н. учынкі; разм.).

На сходзе разбіралі парушальнікаў дысцыпліны.

разбітны́, -а́я, -о́е (разм.).

Бойкі, праворны, лоўкі.

Мой сябар — р. хлопец.

разбі́ты, -ая, -ае (разм.).

Які страціў бадзёрасць, бяссільны, стомлены.

Адчуваць сябе разбітым.

|| наз. разбі́тасць, -і, ж.

разбі́цца, разаб’ю́ся, разаб’е́шся, разаб’е́цца; разаб’ёмся, разаб’яце́ся, разаб’ю́цца; разбі́ся; зак.

1. Раскалоцца ад удару, трэснуць, распасціся на часткі.

Шклянка разбілася.

Самалёт разбіўся.

2. перан. Расстроіцца, разбурыцца.

Разбіліся планы.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца на часткі, групы.

Р. на атрады.

4. Пашкодзіць, разбіць сабе да крыві частку цела пры падзенні, удары або забіцца насмерць.

Р. насмерць.

|| незак. разбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.