Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кампаўндава́ць

(ад англ. compound = састаўны)

змешваць два або некалькі масел, відаў паліва, каб атрымаць спецыяльныя прадукты зададзеных якасцей.

кампе́ндыум, кампе́ндый

(лац. compendium = скарачэнне)

сціслы выклад асноўных палажэнняў якой-н. навукі, даследавання.

кампенсава́ць

(лац. compensare = ураўнаважваць, ураўноўваць)

пакрываць якія-н. выдаткі, страты.

кампенса́тар

(ад лац. compensare = ураўнаважваць, ураўноўваць)

1) усякі прыбор, прызначаны ўраўнаважваць уздзеянне знешніх фактараў (тэмпературы, ціску, скорасці і інш.) на работу механізмаў;

2) прыбор для ўраўнаважвання зруху фаз току і напружання;

3) прыбор (напр. патэнцыёметр), прынцып дзеяння якога заснаваны на параўнанні вымеранай велічыні з аднароднай узорнай велічынёй;

4) тэрмамагнітны жалеза-вугляродзісты сплаў, які выкарыстоўваецца ў электравымяральных прыборах як элемент магнітнай сістэмы для змяншэння ўплыву тэмпературы.

кампенса́цыя

(лац. compensatio)

1) аплата, узнагарода за што-н., пакрыццё якіх-н. выдаткаў, страт (напр. грашовая к. за нявыкарыстаны адпачынак);

2) мед. рэакцыя арганізма на пашкоджанне, пакрыццё функцый пашкоджанага органа або тканкі за кошт здаровых органаў і тканак (параўн. дэкампенсацыя);

3) псіх. аднаўленне парушанай раўнавагі псіхічных і псіхафізіялагічных працэсаў праз стварэнне процілегла накіраванай рэакцыі ці імпульсу.

кампе́рыя

(н.-лац. comperia)

травяністая расліна сям. архідных з буйнымі кветкамі, пашыраная ў Турцыі, Іраку, Зах. Іране, Крыме.

кампетэ́нтны

(лац. competens, -ntis = адпаведны, згодны)

1) які валодае кампетэнцыяй 1 (напр. к. вучоны, к-ая думка);

2) які мае пэўныя паўнамоцтвы (напр. к-ая арганізацыя).

кампетэ́нцыя

(лац. competentia = адпаведнасць, згоднасць)

1) дасведчанасць, вопытнасць у якой-н. галіне; кваліфікаванасць, аўтарытэтнасць;

2) кола паўнамоцтваў, правоў якой-н. установы, асобы (напр. к. суда).

кампе́ш

(фр. campêche, ад Campeche = назва горада ў Мексіцы)

дрэва сям. бабовых, пашыранае ў тропіках, якое дае каштоўную драўніну і фарбавальнік; кампешавае дрэва.

кампілабактэрыёз

(ад лац. compilare = набіць, адлупцаваць + бактэрыёз)

тое, што і вібрыёз.