Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

і́нтэрым

(лац. interim = між тым)

часовыя распараджэнні часоў Рэфармацыі, якія выдаваліся з мэтай спыніць рэлігійныя спрэчкі паміж католікамі і пратэстантамі.

інтэрыярыза́цыя

(фр. interiorisation, ад лац. interior = унутраны)

фарміраванне разумовых дзеянняў і ўнутранага плана свядомасці праз засваенне індывідам знешніх сувязей з прадметамі і сацыяльных форм зносін.

інулі́н

(ад лац. mula = дзівасіл)

арганічнае злучэнне, складаны вуглявод расліннага паходжання з групы поліцукрыдаў, выкарыстоўваецца для атрымання фруктозы, як заменнік крухмалу і цукру пры цукровым дыябеце.

інфа́йтынг

(англ. infighting, ад in = унутр + fight = бой)

бой на блізкай дыстанцыі ў боксе.

інфа́нт

(ісп. infante, ад лац. infans, -ntis = немаўля, дзіця)

тытул прынцаў каралеўскага роду ў манархічнай Іспаніі і Партугаліі.

інфа́нта

(ісп. infanta)

тытул прынцэс каралеўскага роду ў манархічнай Іспаніі і Партугаліі.

інфанта́да

(ісп. infantado)

парода мерыносавых авечак.

інфантылі́зм

(ад лац. infantillis = дзіцячы)

1) адсталасць у развіцці арганізма, якая праяўляецца ў захаванні ў дарослага чалавека фізічных і псіхічных рыс, уласцівых дзіцячаму ўзросту;

2) перан. бестурботнасць, легкадумнасць, якія спалучаюцца з крайнім эгаізмам.

інфанты́льны

(лац. infantilis = дзіцячы)

1) уласцівы дзіцячаму ўзросту, недаразвіты (напр. і. выгляд);

2) перан. бестурботны, легкадумны (і. чалавек).

інфантэ́рыя

(іт. infanteria)

уст. пяхота, пяхотнае войска;

генерал ад інфантэрыі — самы высокі генеральскі чын у пяхотных войсках царскай Расіі.