Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нанапланкто́н

(ад гр. nanos = карлік + планктон)

самыя малыя (меншыя за 0,05 мм) арганізмы планктону.

нанарэлье́ф

(ад гр. nanos = карлік + рэльеф)

самыя дробныя формы рэльефу зямной паверхні, утвораныя ў выніку карставых з’яў, дзейнасці ветру, а таксама жыццядзейнасці жывёл і чалавека.

нанасто́мус

(н.-лац. nannostomus)

рыба атрада карпападобных, якая водзіцца ў стаячых і слабапраточных вадаёмах паўночнай часткі Паўд. Амерыкі; на Беларусі вядома як акварыумная.

на́нду

(ісп. nandu, ад індз. nandu)

паўднёваамерыканскі трохпальцы страус.

нане́т

(іт. nonetto)

1) музычны твор, які выконваецца на дзевяці інструментах або дзевяццю галасамі;

2) ансамбль з дзевяці выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў).

нане́я

(н.-лац. nonea)

травяністая расліна сям бурачнікавых з падоўжаным лісцем і цёмна-пурпуровымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў Міжземнамор’і і часткова ў Еўропе; на Беларусі заносная.

нані́зм

(ад гр. nannos = карлікавы)

ненармальна нізкі, карлікавы рост.

нані́цыя

(н.-лац. nanizzia)

сумчаты грыб сям. гіленааскавых, які развіваецца ў глебе, на адмерлых раслінах, экскрэментах.

на́нка

(ад кіт. Nankin = назва горада ў Кітаі)

грубая баваўняная тканіна, найчасцей жоўтага колеру.

нанпарэ́ль

(фр. nonpareille)

дробны друкарскі шрыфт (драбнейшы за петыт), кегель якога роўны шасці пунктам (каля 2,25 мм).