гіперінфля́цыя
(ад гіпер- + інфляцыя)
звышінфляцыя, павелічэнне ў краіне ў незвычайных, велізарных памерах масы папяровых грошай і вельмі хуткі рост цэн, што вядзе да абясцэньвання грашовай адзінкі, парушэння нармальных гаспадарчых сувязей і катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця працоўных.
гіперкапні́я
(ад гіпер- + гр. kapnos = дым)
павелічэнне колькасці і павышэнне парцыяльнага ціску двухвокісу вугляроду ў артэрыяльнай крыві (параўн. гіпакапнія).
гіперкерато́з
(ад гіпер- + гр. keras, -atos = рог)
празмернае патаўшчэнне рагавога слоя скуры чалавека ў выніку працяглага ціску, трэння і іншых прычын.
гіперкіне́з
(ад гіпер- + -кінез)
празмерныя міжвольныя рухі пры арганічных і функцыянальных парушэннях нервовай сістэмы (параўн. гіпакінез).
гіперко́мплексны
(ад гіпер- + комплексны)
звязаны з лікам, які з’яўляецца лінейнай камбінацыяй больш як дзвюх адзінак.
гіпермарфо́з
(ад гіпер- + -марфоз)
тып філагенетычнага развіцця, які вядзе да парушэння ўзаемаадносін арганізма з асяроддзем у сувязі з гіпертрафіяй пэўных органаў.
гіперметамарфо́за
(ад гіпер- + метамарфоза)
асобны выпадак метамарфозы некаторых паразітычных насякомых, калі лічынка праходзіць некалькі стадый, якія адрозніваюцца паміж сабой марфалагічна і біялагічна.
гіперметрапі́я
(ад гіпер- + гр. metron = мера + ops, opos = вока)
дальназоркасць.
гіпернефро́ма
(ад гіпер- + гр. nephros = нырка + -ома)
пухліна, якая развіваецца з клетак кары наднырачнай залозы.