Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гальвана-

[ад іт. L. Galvani = прозвішча іт. фізіка (1737—1798)]

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцце «гальванічны».

гальванаглі́фія

(ад гальвана- + гр. glyphe = разьбярства)

спосаб атрымання рэльефных адлюстраванняў пры дапамозе гальванапластыкі.

гальванадыятэрмі́я

(ад гальвана- + дыятэрмія)

адначасовае прымяненне з лячэбнай мэтай гальванізацыі і дыятэрміі.

гальванаіонатэрапі́я

(ад гальвана- + іонатэрапія)

тое, што і іонтафарэз.

гальванака́ўстыка

(ад гальвана- + каўстыка)

1) прыпяканне тканак цела металічнымі наканечнікамі, разагрэтымі электрычным токам, напр. пры выдаленні паліпаў;

2) траўленне малюнка на метале электрычным токам.

гальванака́ўтэр

(ад гальвана- + каўтэр)

металічны наканечнік для прыпякання тканак арганізма электрычным токам, які выкарыстоўваецца ў медыцынскай практыцы.

гальванаклішэ́

(ад гальвана- + клішэ)

падрыхтаваная гальванапластычным спосабам копія з драўлянага або штрыхавога цынкавага клішэ для друкавання вялікіх тыражоў.

гальванамагні́тны

(ад гальвана- + магнітны)

звязаны са зменамі электрычных уласцівасцей металаў і паўправаднікоў, у якіх працякае ток, пад уплывам знешняга магнітнага поля.

гальванапла́стыка

(ад гальвана- + пластыка)

атрыманне металічных копій вырабаў электралітычным спосабам; выкарыстоўваецца пры вырабе друкарскіх матрыц, грампласцінак і інш.

гальванаско́п

(ад гальвана + -скоп)

прыбор для выяўлення пастаяннага электрычнага току ў ланцугу і вызначэння яго напрамку.