Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нефелагіле́я

(ад гр. nephele = хмара + гілея)

трапічны вечназялёны лес, які пакрывае горныя схілы на вышыні звыш 2000 м у раёнах з пастаяннымі туманамі.

нефеламе́трыя

(ад гр. nephele = хмара + -метрыя)

сукупнасць метадаў даследавання дысперсных сістэм па рассейванню імі святла.

нефелі́н

(фр. nepheline, ад гр. nephele = воблака)

мінерал падкласа каркасных сілікатаў, бясколерны, шаравата-белы ці шэры, зрэдку чырвоны, зеленаваты; выкарыстоўваецца як сыравіна для здабычы алюмінію, у хімічнай і шкляной прамысловасці.

нефело́метр

(ад гр. nephele = хмара + -метр)

прыбор для вымярэння ступені каламутнасці вадкасцей, калоідных раствораў або густаты туманаў.

нефра-

(гр. nephros = нырка)

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае прыналежнасць да органаў выдзялення.

нефрале́піс

(н.-лац. nephrolepis, ад гр. nephros = нырка + lepis = луска)

папараць сям. даваліевых са стужкападобным перыстым лісцем, пашыраная пераважна ў тропіках; на Беларусі вырошчваецца ў пакоях, аранжарэях.

нефраліты́яз

(ад гр. нефра- + -літ)

захворванне, выкліканае ўтварэннем у нырках камянёў або пяску.

нефрало́гія

(ад нефра- + -логія)

раздзел медыцыны, які вывучае будову, функцыі і хваробы нырак, а таксама распрацоўвае метады іх лячэння.

нефрамі́ксіі

(ад нефра- + гр. miksis = змяшэнне)

органы выдзялення ў многіх кольчатых чарвей (сіпункулідаў, эхіурыдаў і інш.).

нефрапа́тыя

(ад нефра- + -патыя)

зборнае абазначэнне групы розных захворванняў нырак (напр. н. цяжарных).