Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эзо́паўскі

(ад гр. Aisopos = імя старажытнагрэчаскага байкапісца 6 ст. да н.э.)

багаты алегорыямі, намёкамі з мэтай скрыць сэнс выказвання (напр. э-ая мова, э. стыль).

э́йдас

(гр. eidos = выгляд)

тэрмін, які ў старажытнагрэчаскай філасофіі абазначаў «тое, што бачна», бачную сутнасць, субстанцыяльную ідэю, форму.

эйдафо́р

(ад гр. eidos = выгляд + -фор)

праектар для павелічэння тэлевізійнага адлюстравання на буйным насценным экране.

эйдэты́зм

(ад гр. eidos = выгляд)

разнавіднасць вобразнай памяці, якая праяўляецца ў здольнасці захоўваць яркія вобразы прадметаў на працягу доўгага часу пасля спынення іх уздзеяння на органы пачуццяў.

эйдэ́тыка

(гр. eidetikos = які ведае)

ідэалістычнае вучэнне аб «ідэальных формах» з’яў свядомасці, якія разглядаюцца па-за сувяззю з аб’ектыўнай рэальнасцю.

Эйзена́хцы

(ад ням. Eisenach = назва ням. горада)

члены сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Германіі, створанай у 1869 г. на з’ездзе ў г. Эйзенаху; у 1875 г. аб’ядналіся з ласальянцамі ў Нямецкую сацыялістычную рабочую партыю.

эйкана́л

(ад гр. eikon = адлюстраванне)

функцыя, якая вызначае даўжыню аптычнага шляху паміж двума адвольна выбранымі пунктамі, адзін з якіх належыць прасторы прадметаў, другі — прасторы адлюстраванняў.

эйнштэ́йн

[ням А. Einstein = прозвішча ням. фізіка (1879—1955)]

спецыяльная адзінка энергіі, якая прымяняецца ў фотахіміі.

эйнштэ́йній

[н.-лац. einsteinium, ад ням. A. Einstein = прозвішча ням. фізіка (1879—1955)]

штучна атрыманы радыеактыўны хімічны элемент, які належыць да актыноідаў.

эйфары́я

(гр. euphoria, ад eu = добра + phoreo = пераношу)

стан прыўзнятага настрою, бестурботнасці, здаволення, які не адпавядае аб’ектыўным умовам.