Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неады́м

(ад неа- + гр. didymos = падвойны)

хімічны элемент, серабрыста-белы метал, які належыць да лантаноідаў, выкарыстоўваецца як кампанент лазерных матэрыялаў.

неазо́й

(ад неа- + -зой)

тое, што і кайназой.

неазо́йскі

(ад неазой);

н-ая эра — тое, што і неазой.

неаімпрэсіяні́зм

(ад неа- + імпрэсіянізм)

плынь у заходнееўрапейскім жывапісе канца 19 — пач. 20 ст., прадстаўнікі якой развівалі тэндэнцыі позняга імпрэсіянізму, надавалі метадычны характар прыёмам раскладання складаных тонаў на чыстыя колеры.

неаіндуі́зм

(ад неа- + індуізм)

рэлігійна-філасофскае вучэнне ў Індыі як рэфармаваная форма індуізму.

неакаланіза́тар

(ад неа- + каланізатар)

асоба, якая праводзіць палітыку неакаланіялізму.

неакаланіялі́зм

(ад неа- + каланіялізм)

эканамічная палітыка і ідэалагічная дзейнасць імперыялістычных дзяржаў, накіраваная на захаванне свайго ўплыву ў залежных краінах пры дапамозе новых форм і метадаў каланіялізму.

неакало́нія

(ад неа- + калонія)

былая калонія, якая па сутнасці з’яўляецца аб’ектам эканамічнай і палітычнай эксплуатацыі з боку неакаланізатараў.

неакантыя́нства

(ад неа- + кантыянства)

ідэалістычная філасофская плынь канца 19 — пач. 20 ст, якая спрабавала асэнсаваць праблемы філасофіі на падставе абноўленай інтэрпрэтацыі вучэння І. Канта.

неакапіталі́зм

(ад неа- + капіталізм)

сучасная характарыстыка буржуазнымі ідэолагамі капіталізму шляхам маскіроўкі яго класавага характару.