Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

та́львег

(ням. Talweg, ад Tal = даліна + Weg = дарога)

лінія, якая злучае найбольш нізкія ўчасткі дна рачной даліны, яра, рова.

тальён

(лац. talio, -onis = помста)

прынцып у крымінальным праве рабаўладальніцкіх і раннефеадальных дзяржаў, паводле якога асобе, што ўчыніла злачынства, прысуджалі такую самую шкоду («вока за вока, зуб за зуб»).

тальк

(ням. Talk < с.-лац. talcus, ад ар. talk)

мінерал класа сілікатаў белага або блакітнага колеру, які выкарыстоўваецца ў электратэхніцы, парфумерыі, гумавай і папяровай прамысловасці, медыцыне.

та́льма

[фр. F. Talma = прозвішча фр. акцёра (1763—1826)]

у Францыі ў 19 ст. кароткі мужчынскі плашч, у Расіі — жаночая доўгая накідка без рукавоў.

та́лья

(фр. taille)

пастаянны прамы падатак у Францыі 15—18 ст., якім абкладваліся пераважна сяляне.

тамага́ўк

(англ. tomahawk, ад індз. tāmāhākan)

ударная кідальная зброя паўночнаамерыканскіх індзейцаў у выглядзе сякеркі або дубінкі.

тамагра́фія

(ад гр. tomos = частка, слой + -графія)

метад рэнтгенаграфіі, заснаваны на атрыманні ценявога адлюстравання асобных пластоў даследуемага аб’екта пры дапамозе тамографа.

тамада́

(груз. tamadoba = старшынства на банкеце)

асоба, якая вядзе банкет.

тамары́кс, тамары́ск

(лац. tamarix)

дрэвавая або кустовая расліна сям. тамарыксавых з дробнымі бледна-ружовымі кветкамі ў гронках, пашыраная ў пустынях і стэпах Еўразіі і Афрыкі.

тамары́нд

(ням. Tamarinde, ад ар. tamr hindi = індыйскі фінік)

вечназялёнае дрэва сям. бабовых, пашыранае ў тропіках, плады якога выкарыстоўваюцца ў медыцыне і кандытарскай прамысловасці.