Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

лінеарыза́цыя

(ад лац. linearis = лінейны)

метад аналізу нелінейных сістэм (або залежнасцей), пры якім яны разглядаюцца як лінейныя.

лінеары́зм

(лац. linearis = лінейны)

перавага меладычнай лініі над гармоніяй у шматгалосай музыцы.

лінеа́тус

(н.-лац. aplocheilus lineatus)

рыба атрада карпазубых, якая водзіцца ў невялікіх застойных вадаёмах Шры-Ланка і ўсходняга ўзбярэжжа Індыі; вядома як акварыумная.

лінеён

(н.-лац. linnaeon)

сукупнасць марфалагічна падобных і блізкароднасных груп раслін.

лінеі́т

[ад шв. K. Linné = прозвішча шв. батаніка (1707—1778)]

мінерал класа сульфідаў белага або сталёва-шэрага колеру з металічным бляскам; сыравіна для атрымання кобальту 1.

ліне́йны

(ад лац. linea = лінія)

1) які мае адносіны да лініі;

2) які мае выгляд лініі (напр. л. арнамент);

3) прызначаны для абслугоўвання лініі сувязі ці шляхоў зносін (напр. л. дыспетчар);

4) які складае аснову баявых злучэнняў арміі ці флоту (напр. л. крэйсер);

5) мат. які адносіцца да першай ступені (напр. л-ае ўраўненне).

ліне́я

[н.-лац. linnaea, ад шв. K. Linné = прозвішча шв. батаніка (1707—1778)]

паўкустовая расліна сям. бружмелевых са скурыстым лісцем і ружавата-белымі духмянымі кветкамі, пашыраная ў хвойных лясах Еўразіі і Паўн. Амерыкі; трапляецца на Беларусі.

лі́нза

(ням. Linse = літар. чачавіца)

1) выпуклае або ўвагнутае аптычнае шкло (напр. л. тэлескопа);

2) геал. форма залягання горных парод, якая нагадвае дваякавыпуклую лінзу.

лініме́нты

(ад лац. linere = мазаць, націраць)

лячэбныя мазі, прызначаныя для націрання.

ліні́фіі

(н.-лац. linyphia)

павук сям. лініфіідаў, які жыве ў лясах на кустах, траве.