Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спрадве́ку ‘здаўна; заўсёды’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр., Стан.), спрадве́ку, спрадвяко́ў ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спрадве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (гл. прадвечны), аформлены паводле прыслоўя спаконвеку (гл.).

Спра́жка ‘засцежка’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Стан., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Параўн. польск. sprzążka ‘тс’, славен. préga ‘тс’, балг. радоп. спрʼо̂га, спро̂жда ‘тс’. Узыходзіць да *pręgti, прадстаўленага ў спрагаць (гл.), запрагаць, выпрагаць і інш. Гл. пражка. Куркіна (Диал. структура, 69) узводзіць да *sъprǫdja/*sъprędja ад *sъprędti, роднасным літ. sprę́sti ‘абцягваць, вымяраць’, чаму пярэчыць балгарская форма з г. Гл. таксама Брукнер, 436; Фасмер, 3, 394.

Спражэ́нне ‘змяненне дзеяслова па асобах, ліках і часах’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Калька лац. coniugatio ‘тс’. У якасці адпаведнай формы для калькавання дзеяслова магло паслужыць ст.-бел. спрягнути ‘злучыць, змацаваць’ (Ст.-бел. лексікон), што мае аналагічную семантыку, гл. спрагаць. Мяркуецца, што ўзорам паслужыла польск. sprężenie ‘coniugatio’ (1542), суадноснае з sprzężenie ‘запрэжка’, чэш. spřeženie ‘тс’, гл. Каранчэўскі, Polska term. gram., 10; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 336. У якасці лінгвістычных аналагічныя тэрміны замацаваліся, акрамя ўсходнеславянскіх, у балгарскай мове.

Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.

Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.

Спрача́цца ‘весці спрэчкі; пярэчыць каму-небудзь’ (ТСБМ). З польск. sprzeczać się ‘тс’.

Спро́гчыся ‘здохнуць’ (Сцяцко Сл.). Гл. апрэгчыся.

Спро́нжка ‘спражка’ (Шат., Сцяшк., Жд. 1), спро́нжка, спро́ншка, спро́нчка (Сл. ПЗБ). З польск. sprzączka ‘тс’ (Сл. ПЗБ, там жа), sprzążka (Брукнер, 436).

Спро́ца ‘рагатка’ (Сцяшк.). Гл. проца.

Спружы́на ‘пругкая металічная палоска або спіраль’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Бяльк.), спрунжы́на ‘тс’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спрунджы́на ‘тс’ (Бяльк.), спранджы́на ‘тс’ (Варл.). З польск. sprężyna ‘тс’; параўн. укр. спружи́на ‘тс’; у іншых славянскіх мовах без s‑. Шульман (Полымя, 1926, 8, 211) мяркуе пра пасрэдніцтва мовы ідыш праз форму Sprusschine ‘тс’, што цяжка давесці. Гл. пружына.