Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Смы́жыць ‘цягнуць; цягацца па свеце, мыкацца’ (Ласт.), ‘гатаваць ежу’ (Жд. 3), ‘курыць’ (Яўс.). Калі прыняць за зыходнае значэнне ‘курыць’, то, хутчэй за ўсё, суадносіцца з прасл. *smyzъ (гл. наступнае слова), што працягвае і.-е. *smū‑gʼ‑/*smeu‑gʼ ‘туман, дым’ (гл. ЭССЯ, 8, 46). Нельга выключыць таксама ўплыў гукапераймальных слоў тыпу цмыг, цмыгаць (гл.).

Смыза́ ‘імжа’ (ашм., Сл. ПЗБ), ‘мноства, цьма машкары’ (ашм., ЛА, 5). Параўн. укр. смиз ‘увярэднік, Pedicularis L.’, што дазваляе суаднесці з хмыз (хміз) ‘сухія сцяблі хмелю’, хмыза́ (хмуза́) ‘гушчар, хмызняк’ (ТС), якія ўзводзяцца да *smyzъ < і.-е. *smū‑gʼ/*smeu‑gʼ, параўн. ням. Schmauch ‘густы дым’, англ. smoke ‘дым’. Пра суадноснасць значэнняў ‘дым, туман’ — ‘зараслі’ гл. ЭССЯ, 8, 46. Значэнне ‘машкара’ развілося, магчыма, пад уплывам *gъmyzъ, параўн. гмыз ‘насякомыя’ (Ласт.), падрабязней пра яго гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 207–208.

Смык 1 ‘прыстасаванне для ігры на струнных інструментах’, старое ‘прымітыўная барана’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, ТС, Пятк. 2, Бяльк., Байк. і Некр.), ‘калодзежны журавель’ (івян., стаўб., глус., ДАБМ, камент., 810; Янк. 2, Сл. рэг. лекс.), смыч ‘тс’ (шчуч., Нар. сл.), ‘пугаўё’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘дэталь (дужка) у прымітыўным такарным станку’, ‘прылада для лоўлі бадзяжных сабак’ (Скарбы), смычо́к ‘смык (у музычных інструментах)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘прылада для трапання шэрсці’ (ТСБМ). Укр. смик ‘смык; вага калодзежнага жураўля’, рус. зах., паўн. смык ‘смык; від бараны’, смычо́к ‘смык (муз.)’, стараж.-рус. смыкъ ‘струнны музычны інструмент’, смычькъ ‘музыкант, які грае на смыкѣ’, польск. smyk ‘смык (муз.); від саней’, smyczek ‘смык’ , н.-луж., в.-луж. smyk ‘смык (муз.)’, чэш. smyk ‘валакуша, лесаспуск’, cmyčec ‘смык (муз.)’, славац. smyk ‘валакуша’. Прасл. *smykъ і *smyčьkъ; паводле Борыся (564), позняя праславянская інавацыя ад прасл. *smykati (гл. смыкаць). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 341; Фасмер, 3, 695; Махэк₂, 384–385; ЕСУМ, 5, 320; Трубачоў, Ремесл. терм., 128 (рэканструюе зыходнае *sъmъkъ).

Смык 2 ‘перашыек’ (слаўг., Яшк.), смы́чка ‘невялікае паселішча паміж дзвюма вёскамі (ушац., Нар. лекс.). Параўн. укр. смик ‘павадок для паляўнічых сабак’, рус. смык ‘стык’, польск. smyk, smycz ‘павадок’, чэш. smyčka ‘пятля’. Дэрываты ад прасл. *sъmykati ‘замыкаць, злучаць’ (Борысь, 564; ЕСУМ, 5, 320–321).

Смы́каць ‘выскубваць, шчыпаць, тузаць’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Ласт., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, ТС), ‘часаць’ (Уладз.). Параўн. укр. сми́кати ‘тс’, рус. дыял. смы́кать ‘тузаць, праць, церці’, польск. smykać ‘тузаць, зрываць’, чэш. smýkati ‘цягнуць, валачыць’, славац. smýkat’ ‘тс’, в.-луж. smykać ‘слізгаць’, н.-луж. śmykaś ‘соўгаць, тачыць’, серб.-харв. сму́цати ‘сцягваць, зрываць’. Прасл. *smykati, роднаснае літ. šmùkti ‘спаўзаць, спадаць’, лат. šmukt ‘уцякаць, саслізгваць’ < і.-е. *(s)meuk‑/*(s)meug‑ (Фасмер, 3, 694–695; Шустар-Шэўц, 1325–1326; SEK, 4, 325–326). Гл. таксама формы без рухомага s‑ пад мыкаць 2.

Смы́кса ‘пахатуха (хто ходзіць па хатах)’ (бяроз., ЖНС; брэсц., З нар. сл.), смэ́кса ‘тс’ (кобр., ЛА, 3). Да смыкаць (гл.).

Смыле́ць ‘балець, пячы, гарэць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘прыпальвацца’ (Нас., Касп.), ‘абсмальвацца (пра валасы, шэрсць)’ (Нас., Касп.; ашм., Стан.), сюды ж, відаць, смыле́ць ‘бегчы, ляцець’ (ТС), смыля́ць ‘кідаць, шпурляць; біць, лупцаваць’ (Юрч.), смыль ‘пах гарэлага’ (Нас.). Звязана чаргаваннем з смаліць (гл.).

Смылікі́ ‘гарэлкі (гульня)’ (Касп.). Да смылець (гл.), аналагічна гарэлкі < гарэць (гл.).

Смысл ‘розум’ (Нас.), смы́сліць ‘разумець, цяміць’ (Нас.), змысл ‘сэнс’ (Байк. і Некр.), смы́сел ‘сэнс, значэнне; розум’, смы́сьліць ‘разумець, цяміць’ (Некр. і Байк.), змысьля́ць ‘здумляць’ (Ласт.). Параўн. укр. смисл ‘сэнс, разуменне, сутнасць, карысць’, ‘сэнс, розум’, рус. смысл, смы́слить ‘разумець’, польск. smysl, zmysł ‘адчуванне, розум, сэнс’, н.-луж., в.-луж. zmysł ‘тс’, чэш. smysl ‘тс’, славац. zmysel ‘сэнс, розум, адчуванне, разуменне’, серб.-харв. сми̑сао ‘сэнс, значэнне, схільнасць’, славен. smísel ‘сэнс’, балг. сми́съл ‘сэнс, мэта, змест, карысць’, ст.-слав. съмыслъ ‘думка, намер, погляд’. Поствербальнае ўтварэнне ад *sъmysliti < mysliti (гл. мысль) (Махэк₂, 385). Гл. яшчэ Сной₁, 585.

Смы́чаны толькі мн. л. ‘атрэп’е’ (карэліц., Шатал.). Да смык, смыкаць (гл.).

Смычо́к. Гл. смык 1.