Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Серпа́нка. Гл. сярпанка.

Серпано́к ‘тонкае палатно’ (Нар. Гом.), серпаначак (sierpanoczek) ‘рэдка вытканае палатно на наметкі’ (пін., Кольб.). Гл. сярпанка.

Серпарэ́знік ‘крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (гом., Кіс.; Бейл., Мат. Гом., Ян.; паст., лоеў., Сл. ПЗБ, ТС), ‘трыпутнік ланцэталістны, Plantago lanceolata L.’ (Бейл.), серпарэ́з ‘тс’ (Бейл.; барыс., брасл., Сл. ПЗБ), ‘крываўнік’ (ЛА, 1; Мат. Гом., ТС). Укр. серпорі́з ‘крываўнік звычайны’, рус. серпоре́знік ‘тс’. Ад серп і рэзаць, як сродак, які спыняе кроў пры парэзах (сярпом), параўн. “… як парэжам палец жнучы, дык добра прыкладаць серпарэзнік” (Сл. ПЗБ). Да семантыкі параўн. і крываўнік (гл.).

Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Се́рца ‘сэрца’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), се́рцэ ‘сэрца’, ‘гнеў’, ‘прыхільнасць’ (Нас.), ‘сэрца’, ‘гнеў’ (Пятк. 2), ‘сэрца’, ‘стрыжань’, ‘біла звана’ (ТС), ст.-бел. сердце ‘сэрца’ (Альтбаўэр), серъдце ‘тс’ (Скарына; паводле Карскага (1, 256) — “графічнае ъ”), серцо ‘тс’ (Карскі 1, 172); сюды ж серцаві́на ‘стрыжань, цвёрдая драўніна’ (Бяльк., Мат. Гом., брасл., Сл. ПЗБ). На пэўнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з сэ́рца (гл.), параўн. sérce альбо siérce (Пятк. 2).

Се́ры 1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры 2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Серыкі ‘стрэлкі звычайныя, Capsella bursa pastoris L.’ (Кіс.). Няясна. Відаць, паводле колеру (гл. серы). Параўн. украінскую назву гэтай жа расліны: сірыкі.

Се́сла ‘матня ў штаноў’ (Бяльк.), ‘верхняя задняя частка штаноў’ (Янк. 2), ‘трохвугольная ўстаўка, клін (у штанах)’ (Ян.), усе́сла ‘прарэх у сподніках’ (маг., ЛА, 4), параўн. серб.-харв. чарнаг. sjesla ‘задняя частка штаноў, на якой сядзяць’, usjesla ‘верхняя частка штаноў (без калашын)’. Паводле Борыся (Etymologie, 262–263), познепраславянскі дыялектызм *sěslo < *sěd‑slo ‘задняя частка штаноў, на якой сядзяць’, што ад *sěsti (гл. сесці), *sédati або *sěděti (гл. сядзець). Формы з у‑ (u‑) другасныя, звязаныя з прыставачнымі дзеясловамі usjesti, усесціся. У семантычных адносінах параўн. іншую назву гэтай часткі штаноў — крэсла (г. зн. на што садзяцца).

Се́сці ‘апусціцца сагнуўшыся, прысесці’, ‘асесці’, ‘выскачыць на скуры (пра скулу і інш.)’, ‘паменшыцца ад вільгаці, збегчыся (пра тканіны і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сесць ‘тс’ (Ласт., Касп., Бяльк.), се́гці ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), сёхці ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сехч, се́хчы ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). Працяг прасл. *sěsti (< *sēd‑ti), якое адлюстраваў ва ўкр. сі́сти, рус. сесть, стараж.-рус. сѣсти, польск. siąść, чэш. sěsti, славац. дыял. säsť, sasci, серб.-харв. сје̏сти, славен. sẹ́sti, балг. ся́дам, ст.-слав. сѣсти. Роднасныя літ. seti, sė́du ‘сядаць’, ст.-прус. sīdons ‘той, які сядзіць’; гл. Траўтман, 258; Фасмер, 3, 615; Махэк₂, 538; Борысь, 544; Сной₁, 564; ESJSt, 13, 808–809. Далей гл. садзіць, сядзець.

Се́тань ‘сетка для лоўлі птушак’ (Сцяшк.). Да сетка (гл.) з іншым суфіксам (‑ань); адносна суфіксацыі гл. Слаўскі, SP, 1, 132.