Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Се́на ‘скошаная і высушаная трава на корм жывёле’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), се́но ‘тс’; се́нены ‘кормлены сенам’ (ТС). Параўн. укр. сі́но, рус. се́но, ст.-рус. сѣно, польск. siano, в.-луж. syno, н.-луж. seno, чэш., славац. seno, серб.-харв. си̏јено, славен. senȏ, балг. се́но, сено́, макед. сено, ст.-слав. сѣно. Прасл. *sěno. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. šiẽnas, лат. sìens, грэч. κοινά ‘корм’ (Траўтман, 297; Мюленбах-Эндзелін, 3, 859), што да і.-е. *k̑oi̯‑no ‘трава’; гл. Покарны, 610; Шустар-Шэўц, 1400; Сной₁, 562; Борысь, 543. Гл. таксама БЕР, 6, 610–612; ESJSt, 13, 805. Махэк₂ (541) лічыць слова “праеўрапейскім” і параўноўвае з лац. fenum ‘сено’, што, на думку Фасмера (3, 601), сумніўна; па фанетычных прычынах адвяргаецца супастаўленне Брандта (РФВ 24, 150 і наст.) з сячы (*sekno), г. зн. ‘тое, што пасечана’ і з сеяць ‘тое, што пасеяна’.

Сенава́ць ‘нарыхтоўваць сена’ (Сл. ПЗБ; ашм. Стан., Сцяшк. Сл.), ‘касіць, сушыць і ўбіраць сена’ (Скарбы), ‘касіць сена’ (навагр., З нар. сл.), ‘сушыць сена’ (свісл., Шатал.). Паводле Мацкевіч і інш. (Балто-слав. этнояз. отнош., 35), супольная балтыйска-славянская інавацыя, параўн. літ. šienáuti ‘нарыхтоўваць сена’. Звычайна перадаецца апісана з дзеясловам ‘рабіць’: робі́ць се́но (ТС), разьян. dilat sénъ ‘тс’, параўн. таксама ням. Heu machen ‘тс’ і інш.

Сенажа́рнік ‘месяц ліпень’ (Сцяшк. Сл.). Складанае слова з се́на (гл.) і жа́рыць — тут ‘прыпякаць, смажыць, пражыць’, параўн. разм. сонца жа́рыць (= пячэ), аформленае суфіксам ‑нік, і тлумачэнне: (“заўс’оды су́шаць і звоз’ац’ с’е́но”).

Сенажа́ць ‘травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг’, ‘пара касьбы сена’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), санажа́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сено́жаць ‘месца сенакосу, луг’ (ТС), ст.-бел. сеножать ‘тс’ (Скарына). Укр. сіножа́ть ‘луг’, палес. синожа́ть ‘час касьбы’, ‘луг’, рус. старое сеножа́ть ‘луг’, стараж.-рус. (1150 г.) сѣножать ‘тс’, польск. sianożeć ‘тс’, харв. Senožet (тапонім), славен. senožȇt ‘тс’, ст.-слав. сеножѧть ‘лугавіна’ (ESJSt, 13, 805). Прасл. *senožętь ‘касьба сена; сенакос; луг, прызначаны для касьбы’. Паводле Слаўскага (SP, 2, 47), архаічнае складанае слова ад *seno ‘сена’ і žęti ‘жаць’. Гл. таксама Сной₁, 562.

Сенако́с ‘нарыхтоўка сена і час, калі косяць сена’, ‘луг, прызначаны для касьбы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), сенако́с ‘тс’ (ТС), сынока́с ‘тс’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. сінокі́с ‘луг, сенажаць’, рус. сеноко́с ‘сенажаць; нарыхтоўка сена’, польск. sianokos ‘нарыхтоўка сена’, харв. sjenòkos ‘тс’, senokȍša ‘луг’, славен. senokȍs ‘касец сена’, макед. сенокосач ‘тс’. Адносна новае ўтварэнне, характэрнае для асобных славянскіх моў, паколькі, як сцвярджае Брукнер (259), “w średniowieczu nikt trawy nie kosił, tylko siekł”, параўн. старое славен. senosȅk ‘касец’ (Фурлан у Бязлай, 3, 228; гл. сячы): ад сена і касіць (гл.) па мадэлі сенажаць (гл.). Бязлай (Eseji, 140) мяркуе пра этнакультурны падзел славянства ў залежнасці ад ужывання аграрных тэрмінаў *požьnь (гл. пожня), *sěnožętъ і *pokosъ (гл. пакоша), *sěnokosъ у арэальным плане, што патрабуе далейшага вывучэння экспансіі інавацыйных утварэнняў на славянскіх тэрыторыях.

Сена́т ‘савет старэйшын, вышэйшы орган дзяржаўнай улады’ (ТСБМ), сэна́т ‘тс’ (Некр. і Байк.), сано́т (Рам. 4). Новае запазычанне з рус. сена́т ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 81) або з польск. senat ‘тс’, якія праз ням. Senat з лац. senātus ‘савет старэйшын’ < senex ‘старац’; гл. Фасмер, 3, 601. Ст.-бел. сенатъ, санатъ, сэнатъ з польск. senat < лац. senātus ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Сена́тар ‘член сената’ (ТСБМ). У сучаснай беларускай мове вядома з 60‑х гг. XIX ст. (Гіст. лекс., 238). Магчыма, праз рус. сена́тор ‘тс або праз польск. senator з ням. Senator ад лац. senātus ‘савет старэйшын’ ад senex ‘старац’ (Фасмер, 3, 601). Ст.-бел. сенатаръ, сонаторъ, сэнаторъ з ст.-польск. senator ад лац. senātor (Булыка, Лекс. запазыч., 24).

Се́начы, сёначы ‘ў гэтую ноч’ (рагач., Сл. ПЗБ), параўн. балг. снощи, серб.-харв. си̏ноћ, славен. snọ́ći. Да прасл. *si noktʼi, спалучэння ўказальнага займенніка *si ж. р. (гл. сей) і *noktʼь Р. скл. ад *noktʼь, гл. ноч (Трубачоў, Проспект, 79). Параўн. утварэнне з адваротным парадкам элементаў *noktʼьsi > стараж.-рус. ночесь ‘сёння ноччу’ (ЭССЯ, 25, 183–184).

Сенгнгус (сенгогусъ) ‘нейкая хвароба рагатай жывёлы, выкліканая паяданнем павуціны з травой, пасля чаго выяўляецца цячэнне сліны і жывёла перастае прымаць ежу’; для лячэння “бросаютъ кровь и стираютъ дегтем носовые отверстия, языкъ и крестецъ” (навагр., Яшк. Мясц.). Няясна.

Се́ні, се́нцы ‘памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах’ (ТСБМ, Касп., Др.-Падб., Сцяшк., Маш., ПСл, ЛА, 4; Тарн., Бес., Сл. ПЗБ), се́нцы ‘тс’ (Нас., Шат., Бяльк., Варл.), се́нкі ‘тс’ (Нас.), сенькі ‘тс’ (Сл. ПЗБ), дыял. ‘прылазнік’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘частка сушні, дзе мыюць лён’ (Сцяшк.). Укр. сі́ни, рус. се́ни, се́нцы ‘сені’, ст.-рус. сѣни, польск. sień ‘зала’, ‘пярэдняя’, в.-луж., н.-луж. seń ‘сень’, чэш. síň ‘пярэдняя, зала’, славац. sieň ‘зала’, серб.-харв. сје̏н ‘цень’, славен. sẹ̑nca ‘тс’, балг. ся́нка ‘цень; здань’, макед. сенка ‘цень’, ст.-слав. сѣнь ‘засень’, ‘памяшканне’. Прасл. *sěnь ‘цень’, ‘памяшканне’. Далей звязана з укр. ся́ти, ся́яти, рус. сия́ть ‘свяціцца’ (Фасмер, 3, 602; Сной₁, 561), гл. ззяць. Інакш Махэк₂ (543), які звязвае з і.-е. коранем *k​sei‑ < *k​soi‑n‑, як і ў слав. *sedlo (гл. сяло), г. зн. ‘селішча, месца знаходжання’, потым ‘вялікі пакой, у якім збіралася вялікая радавая сям’я’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sajs ‘цень’, гоц. skeinan ‘ззяць, свяціць, блішчэць’, грэч. σκοιός ‘цяністы’, ст.-інд. chāyā ‘цень, бляск, адлюстраванне’; гл. Траўтман, 304; Персан, Beitr., 700. Брукнер (489) мяркуе аб сувязі з цень і сцяна; аналагічна Фурлан (гл. Бязлай, 3, 227), Борысь (546), якія параўноўваюць з літ. síena ‘сцяна, мур, мяжа’ ад і.-е. кораня *sej‑ ‘звязваць’. Аб праблемах адносін значэнняў ‘цень’ і ‘памяшканне’ гл. падрабязна LSJSt, 13, 805–806 (разглядаюцца як аманімічныя *sěnь1 і ‘цень і *sěnь2 ‘пакой, памяшканне’ ў выніку разыходжання першаснага значэння ‘цень, будан, альтанка і пад.’).