Сенако́с ‘нарыхтоўка сена і час, калі косяць сена’, ‘луг, прызначаны для касьбы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), сенако́с ‘тс’ (ТС), сынока́с ‘тс’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. сінокі́с ‘луг, сенажаць’, рус. сеноко́с ‘сенажаць; нарыхтоўка сена’, польск. sianokos ‘нарыхтоўка сена’, харв. sjenòkos ‘тс’, senokȍša ‘луг’, славен. senokȍs ‘касец сена’, макед. сенокосач ‘тс’. Адносна новае ўтварэнне, характэрнае для асобных славянскіх моў, паколькі, як сцвярджае Брукнер (259), “w średniowieczu nikt trawy nie kosił, tylko siekł”, параўн. старое славен. senosȅk ‘касец’ (Фурлан у Бязлай, 3, 228; гл. сячы): ад сена і касіць (гл.) па мадэлі сенажаць (гл.). Бязлай (Eseji, 140) мяркуе пра этнакультурны падзел славянства ў залежнасці ад ужывання аграрных тэрмінаў *požьnь (гл. пожня), *sěnožętъ і *pokosъ (гл. пакоша), *sěnokosъ у арэальным плане, што патрабуе далейшага вывучэння экспансіі інавацыйных утварэнняў на славянскіх тэрыторыях.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)