Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сеча старое ‘бой, бітва’ (ТСБМ, Ласт.), ‘разаніна’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. сѣча: вчинили бой и сѣчу великую ‘бой ваенных атрадаў, узброеных мячамі’ (Праблемы філал., 135). Ад *sekti, гл. сячы.

Се́чава ‘від карыта’ (Касп.). Ад сячы (гл.) з суф. ‑ава, г. зн. ‘тое, у чым сякуць’. Аб суф. і л. Сцяцко, Афікс. наз., 34; параўн. наступнае.

Сечаво́ ‘крэсіва’ (рас., Шатал.; сен., лёзн., рас., ЛА, 4), січаво́ ‘кусок жалеза для высякання агню’ (Касп.), ст.-бел. сечиво ‘сякера’ (Бел.-рус. ізал.); параўн. балг. сечи́во, сечиво́, серб.-харв. сје̏чи̑во ‘молат’, сюды ж ст.-рус., ц.-слав. сѣчиво. Трубачоў (Ремесл. терм., 151) узнаўляе праславянскае *šečivo ‘тое, чым сякуць, сякера’ ад асновы *sěk‑ (гл. сячы) з суф. ‑ivo. Беларускае слова, відаць, не працяг праславянскага стану, а самастойнае ўтварэнне ад сячы з суф. ‑ыва па тыпу крэсіва (гл.) з пераносам націску на канчатак і ўзнаўленнем этымалагічнага о. Аб суф. гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Се́чань старое ‘студзень’ (Нас.). Укр. сі́чень, старое рус. сечень ‘студзень’, стараж.-рус. сѣчьнь ‘студзень; люты’, чэш. sečen ‘ліпень’, славац. velký sečeń ‘студзень’, malý sečeń ‘люты’, славен. дыял. sečenj ‘люты’, серб.-харв. се̑чањ, sijȇčanj ‘студзень’, балг. фальк. голя́м се́чко ‘студзень’, ма́лък се́чко ‘люты’, макед. сечко ‘люты’, ст.-слав. сѣчьнь ‘люты, студзень’. Прасл. *sěčьnь да *sekti, гл. сячы, як перыяд года, найбольш зручны для высечкі лесу з мэтай атрымання дзелавой драўніны (Шаўр, Этимология–1971, 98 і наст.), або для распрацоўкі ўчастка для раллі. Тлумачэнне, што месяц атрымаў назву па марозе, які “сячэ”, лічыцца народнай этымалогіяй. Назва для ‘ліпеня’ звязана з касьбой (старое *sěkti ‘зразаць траву’). Меркаванні Сноя (Бязлай, 3, 346) пра сувязі з літ. síekis, siẽkis ‘снежань студзень’ аналагічна літ. sãusis ‘студзень, снежань’ пры славен. súšec ‘сакавік’ (Сной₂, 713) падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Гл. ЕСУМ, 5, 258–259.

Се́чка1 ‘рыба Cobitis taenia L.’ (Янк. 3., ТС). Гл. секаўка.

Се́чка2 ‘рэзаная салома на корм жывёле’ (ТСБМ, Шат., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), се́чанка ‘тс’ (Нас., Бяльк.). Ад сячы, параўн. славен. дыял. sečka ‘парэзаная салома, сена’.

Се́чка3 ‘страказа’ (горац., ЛА, 1). Няясна; магчыма, пераасэнсаванне страказа пад уплывам стрыкаць ‘сячы’, гл.

Се́чка4 ‘руя ваўкоў’ (ПСл). Відаць, з це́чка ‘тс’ (паводле ЛА, 1, разам з це́ка, распаўсюджана на поўдні моўнай тэрыторыі), пераасэнсаванага пад уплывам сячы ‘грызці’, параўн. воўк зарэзаў авечку.

Се́чка5 ‘мера сыпкіх рэчываў’: въ сечкѣ 6 гарнцевъ (Яшк. Мясц.). Да сек (гл.).