Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Се́ра ‘хімічнае рэчыва жоўтага колеру’, ‘адклады ў вушах’ (ТСБМ), се́ра, сі́ра ‘малодзіва’ (рас., Шатал.; Сл. Брэс., Лекс. Палесся), ‘вадкасць, якая з’яўляецца за месяц да цялення’ (Інстр. 3). Укр. се́ра, дыял. сі́ра ‘сера, sulfur’, дыял. зах. ‘авечае малако’, рус. се́ра ‘сера, sulfur’, ‘вушная сера’, паўн. ‘смала дрэў’, ст.-рус. сѣра ‘сера’, ‘горная смала’, польск. siara ‘малодзіва’, дыял. ‘авечае малако’, siarka ‘сера, sulfur’, в.-луж. syra ‘малодзіва’, ‘сырое малако’, н.-луж. sera ‘малодзіва’, syrik ‘сера’, чэш. síra ‘сера’, славац. дыял. šara ‘малодзіва’, серб.-харв. дыял. се̏ра, си̏ра, cjȅra ‘вада, у якой мылі воўну’, ‘малодзіва, першае малако ў жанчыны’, балг. ся́ра ‘сера’, се̂ра ‘малодзіва’, дыял. се́ра ‘бруд на воўне’, се́реѝ ‘засохлы пот на воўне’, макед. сера, дыял. сера, сереј ‘малодзіва’, ‘тлушч на авечай воўне’, ст.-слав. сѣра ‘сера, нафта’. Зыходзячы з аналізу значэнняў *sěra, Трубачоў (Этимология–1968, 49) робіць выснову, што першасным значэннем яго было ‘тлушч (на воўне авец)’, адкуль потым развіліся значэнні ‘смала’; значэнне ‘сера, sulfur’ вытворнае ад апошняга або сумесна з ім узыходзяць да значэння ‘тлушч’. Роднаснымі ён лічыць serum н. р. ‘сыроватка’, уласна мн. л. н. р. sera, якое далей роднаснае грэч. ορός ‘сыроватка’ < *soros, алб. hirrë ‘тс’, ст.-інд. ksīra ‘малако’; усе ад і.-е. *ser‑ ‘цячы’, параўн. ст.-інд. sárati ‘цячэ, спяшаецца’, suráh̥ ‘вадкі’. Як семантычная паралель да *sěra прыводзяцца царк.-слав. текль, точеница ‘смала’ ад цячы. Мартынаў (Этимология–1968, 20–21), Вештарт (Лекс. Палесся, 92) сера ў значэнні ‘малодзіва’ таксама параўноўваюць з лац. serum ‘сыроваіка’, але ўзводзяць яго да мікраполя ‘малако’, супраць чаго Трубачоў (там жа). У ранейшых этымалагічых версіях (гл. Брукнер, 487; Младэнаў, 626) sera лічылася роднасным рус. серый ‘шэры’, але з прычыны зах.-слав. š‑ (польск. szary) гэта параўнанне адвяргаецца. Фасмер (3, 603) мяркуе нават аб запазычанні, а Махэк₂ (544) дэфінуе слова як няяснае. У якасці магчымай крыніцы запазычання прыводзіцца куман. siriš ‘смала’. Сувязь назвы хімічнага рэчыва з *sěra ‘малодзіва’ Шарапаткава (Studia Etym. Brun., 3, 364) лічыць народнаэтымалагічнай. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 806–807.

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Серабшчы́на. Гл. сярэбшчына.

Се́рад. Гл. сярод.

Серада́ ‘трэці пасля нядзелі дзень тыдня’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр. середа́, рус. середа́, среда́, ст.-рус. середа, польск. środa, ст.-польск. śrzoda, в.-луж. srjeda, н.-луж. srjoda ‘серада, сярэдзіна’, чэш. středa, славац. streda, серб. среда, харв. srijéda, славен. srȇda ‘серада’, sréda ‘сярэдзіна’, балг. среда́ ‘сярэдзіна’, сря́да ‘серада’, макед. среда, ст.-слав. срѣда ‘серада, сярэдзіна’. Прасл. *serda ‘сярэдзіна’. Значэнне ‘сярэдні дзень тыдня’ лічыцца калькай ст.-в.-ням. mittawëcha або аналагічна апошняму — народналац. media hebdomas, ст.-італ. mezzedima; гл. Міклашыч, 292; Брукнер, 534; Фасмер, 3, 607; Івашына, Веснік БДУ, 1976, 1, 56. Іншыя даследчыкі лічаць магчымым уплыў лаціна-раманскіх назваў; гл., напрыклад, Скок, RÉS, 5, 14. Прасл. *serda роднаснае ўсх.-літ. šerdìs, В. скл. ж. р. šérdi ‘сярэдзіна’, лат. ser̂de ‘тс’, грэч. κήρ (< *kērd), гоц. haírtô ‘сэрца’; Траўтман, 302; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Торп, 74. Іншая ступень чаргавання: *sьrdь ‘сэрца’ (гл. сэрца). Аб утварэнні слав. асноў на ‑а ад і.-е. нетэматычных асноў, у дадзеным выпадку ад *k̑erd‑, гл. Ткачоў, Этимология–1968, 56 і наст. Гл. яшчэ Борысь, 620; Шустар-Шэўц, 1349–1356; Сной₁, 601.

Серадапо́сце ‘серада на чацвёртым тыдні посту; сярэдзіна вялікага посту’ (Бяльк.), серадзі́ць ‘пасціць па серадах’ (Нас., Некр., Сцяшк. Сл., Янкоўскі, Бел. мова). Магчыма, сюды ж серада́ ‘скароміна, скаромнае’ і ‘вельмі мала’ (ТС), што звязана з захаваннем ці незахаваннем посту. Параўн. рус. средопо́стье ‘чацвёрты тыдзень посту’, серб.-харв. средо̀пошће ‘сярэдзіна посту’. Самастойнае (не праславянскае!) утварэнне ад серада і пост (гл.). Параўн. Фасмер, 3, 607; Скок, 3, 14.

*Серадго́лаўе, сэрэдго́лоўе ‘макаўка галавы, цемя’ (брэсц., ул. інф.). Да серада ‘сярэдзіна’ і галава (гл.).

Серадня́ ‘ў поўдзень’ (Сцяшк. Сл.; ашм., Станк.). Відаць, з *сераддня, што да серад (гл. сярод) і дзень (гл.).

Серадо́льшы ‘сярэдні па ўзросце сярод братоў і сясцёр’ (ТСБМ, Чач., Байк. і Некр., Сцяшк., Ян., Скарбы, Янк. 1; гродз., лях., гарад., калінк., Сл. ПЗБ, Тур., ЛА, 3), ‘старэйшы з сярэдніх па гадах дзяцей’ (Нас.), сераду́льшы ‘сярэдні па ўзросце сярод дзяцей’ (Шат.), серэдо́льшы (sieredólszy) ‘сярэдні (палец)’ (Пятк. 2). Параўн. укр. середу́льший ‘тс’. Дэрыват з суф. ‑ш‑ ад прым. серадольны, серадольні ‘сярэдні (сын або дачка)’ (Нас., Сцяшк., Нар. Гом.), які ад сярэдні або ад асновы серад‑ праз прамежкавую ступень назоўніка з суф. ‑olʼa, ‑ulʼa, параўн. сераду́ля ‘мянушка каровы, якая нарадзілася ў сераду’ (лаг., Сл. ПЗБ); аб суф. гл. Слаўскі, SP, 1, 109–110. Суф. ‑ш‑, паводле Карскага (2–3, 43), па паходжанні з’яўляецца суфіксам параўнальнай ступені прыметніка, што адзначала Насовічам. Сам Карскі (2–3, 89) са знакам пытання ўзнаўляе першасную форму сераддольшы (< *середьдольший), што можа быць звязана з до́ля (гл.).

Серадсяло́, серэдсело́ ‘цэнтральная частка сяла’ (ТС). Параўн. серб. сре́дсело ‘месца пасярод сяла, дзе адбываюцца сустрэчы, танцы’, харв. srȅdselo ‘тс’, балг. дыял. сретце́ло ‘тс’, макед. сретсе́ло ‘сярэдзіна сяла; плошча ў цэнтры сяла’. Відаць, незалежнае ўтварэнне на базе спалучэння сяро́д сяла́ ‘пасярод сяла’, параўн. хата була серэд села (ТС), гл. сярод і сяло, з якога шляхам субстантывацыі ўзнік назоўнік, структурна ідэнтычны літ. vidùkaimė ‘сярэдзіна вёскі’, параўн. vidur̃ ‘сярод’ і kajmas ‘вёска, сяло’. Гл. Цыхун, БЛ, 5, 50.