Пост ’устрыманне ад скаромнай ежы’, ’перыяд устрымання’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’сама посная страва’ (Шат.). Параўн. укр. піст, рус. пост, польск. post, н.-луж. spót, в.-луж. póst, чэш. půst, славац. pôst, славен. pòst, серб. по̂ст, макед. пост, балг. пост, ст.-слав. постъ. Сюды ж по́снікаць, по́снікаваць, постува́ць ’тс’ (калін. Мат. Гом., ТС), по́стуваць, по́ставаць ’пасціць, пасціцца’ (Бяльк., Нас., Мат. Гом., Байк. і Некр., Ласт.), по́сціць ’тс’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), постава́нне ’нястачы’ (Юрч. СНЛ), по́стываць ’цярпець нястачы’ (Юрч. Вытв.), по́сны, пасны́ ’без мяса і малака; нятлусты’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. Брэс.; воран., Сл. ПЗБ), ’цвярозы’ (карм., Мат. Гом.), ’худы’ (Ян.), ’неўрадлівы (пра глебу)’ (в.-дзвін., Сл. ПЗБ), по́сніна, по́сніца, пасната́ ’посная ежа’ (Шат., Касп.; брасл., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.). Старажытнае агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. fasto ’пост’ (Міклашыч, 260; Фасмер, 3, 340–341; Шустар-Шэўц, 2, 1139), паводле іншых, *postъ < *postiti sę ’пасціцца’ < гоц. fastan або ст.-в.-ням. fasten ’тс’ (Махэк₂, 500–501), параўн. ням. fest ’стойкі, трывалы, трывушчы’. Банькоўскі (2, 716) следам за Ліндэ выводзіў з грэч. άπαστος ’галодны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)