Серпарэ́знік ‘крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (гом., Кіс.; Бейл., Мат. Гом., Ян.; паст., лоеў., Сл. ПЗБ, ТС), ‘трыпутнік ланцэталістны, Plantago lanceolata L.’ (Бейл.), серпарэ́з ‘тс’ (Бейл.; барыс., брасл., Сл. ПЗБ), ‘крываўнік’ (ЛА, 1; Мат. Гом., ТС). Укр. серпорі́з ‘крываўнік звычайны’, рус. серпоре́знік ‘тс’. Ад серп і рэзаць, як сродак, які спыняе кроў пры парэзах (сярпом), параўн. “… як парэжам палец жнучы, дык добра прыкладаць серпарэзнік” (Сл. ПЗБ). Да семантыкі параўн. і крываўнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)