Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)