Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́круцень ’вяртлявы хлапец’ (Арх. Бяльк.). Ад по- і круцень, параўн. круцень ’вір’ (Яшк.), да круціцца, круціць (гл.). Параўн. яшчэ рус. по́верть ’пра легкадумнага чалавека’.

По́круць ’помесь паляўнічага сабакі з дварняком’ (Жыв. НС), по́круч ’дзіця ад бацькоў розных нацыянальнасцей’ (Нікан.). Укр. по́круч ’помесь’, польск. pokurcz ’помесь’. Да по- і круціць (гл.).

Покрык ст.-бел. ’назва травяністай расліны з шырокімі лістамі і тоўстым коранем, Mandragora officinarum’. Параўн. у Бярынды: “Мандрагора: Покрык”. Паводле “Хронікі” Бельскага (пач. XVII ст.), “Зовут покриком, ѡ котором мног люде​ѕ поведают, же то ест ѩки​ѕсь корен маючи зγполное выражене человека, и коли его выкопают кричит” (гл. Крамко, БЛ, 41, 85). Да крык, крычаць (гл.). У часы Сярэднявечча лічылася цудадзейнай раслінай. Параўн. таксама польск. pokrzyk ’воўчыя ягады, красаўка, Atropa belladonna’, паводле Банькоўскага (2, 684), няяснага паходжання. З польскай укр. покшик ’тс’ (ЕСУМ, 4, 485).

По́куць ’кут у хаце, дзе віселі абразы і стаяў стол’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’галоўны кут у хаце’ (Сцяшк. Сл.), ’ганаровае месца ў куце пад абразамі’ (Нас.), по́кут, по́куць ’тс’ (Бяльк.), по́куць, по́куцье ’тс’ (ТС). Укр. по́куть, по́куття ’тс’, рус. покуть ’тс’. Этнаграфічныя адпаведнікі ёсць у ст.-швед. drotsäte ’ганаровае месца’ < швед. дыял. dröste ’лаўка ля сцяны насупраць уваходных дзвярэй; ганаровае месца’; літ. krikštãsuolė ’ганаровае месца, дзе дзве лавы сыходзяцца за сталом, утвараючы кут’, таксама krikštãsuolis ’тс’, рус. красный угол ’тс’ (Непакупны, Общ. лекс., 56–57). Ад по- і кут (гл.), да семантыкі гл. кут ’пачэснае месца ў хаце’ (Шат.), першапачаткова, відаць, ’найбольш абароненае месца’, як бачна з пакутаць ’загарадзіць’, гл. кутаць.

По́куцянь ’дамасед’, ’спекулянт’ (Жыв. НС). Ад по- і кут (гл.) з суф. ‑янь/‑ень з экспрэсіяй непахвальнасці’ (Сцяцко, Афікс. наз. 241) пра чалавека, які сядзіць або хаваецца па кутах. Значэнне ’спекулянт’, магчыма, ад польск. pokątny ’патаемны; нелегальны’.

Пол1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

По́ла (по́ло) ’выгук, якім падганяюць валоў’ (ганц., Сл. ПЗБ). Няясна, магчыма, з выразаў поле! (*у полё!) з дэпалаталізацыяй канцовак склада; гл. по́ле.

По́лаб ’столь’ (ДАБМ, камент., 776; Сл. Брэс., Нар. сл.). Ад *по́луб < луб (гл.), параўн. луб ’накрыўка для чоўна’ (гродз., Нар. лекс.). Параўн. полап (гл.).

По́лаг1 ’пасцель парадзіхі’, ’палок’ (Бяльк.), ’роды’ (Сл. ПЗБ), półah ’хвароба жанчыны ў час нараджэння дзіцяці’ (Варл.). Укр. поло́ги, по́лаг, зло́ги ’роды’, польск. połóg ’роды; час пасля родаў’. Прасл. *pologъ ад *po‑lěgati, гл. лягаць, ляжаць з чаргаваннем у корані, параўн. выраз логма ляжаць ’ляжаць, не маючы сіл падняцца’ (Нар. сл.), по́лог ’палатно над ложкам або калыскай’ (ТС), гл.

По́лаг2 ’завеса над ложкам, шырма’, (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’вялікая посцілка, якой апіналі дзіця ў калысцы’ (светлаг., SOr, 39, 356), ’посцілка насіць траву’ (Жд. 3), ’рэдкае палатно’ (Ян.). Укр., рус. по́лог ’полаг’. Прасл. *po‑logъ < *logъ (гл. лог, логава). Відаць, першапачаткова ’месца ляжання, пасцель’, потым ’посцілка’ > ’кавалак тканіны’ > ’заслона’. Значэнне ’рэдкае палатно’, відаць, пад уплывам пологі́ ’слаба спрадзены’ (Уладз.), параўн. антанімічную пару кру́та і полога́ пре́жа (тамсама) і рус. дан. по́лог ’грубая мешкавіна’, што суадносяць з рус. пологий ’плоскі, пакаты’ (Фасмер, 3, 313); гл. палогі.

По́лаз1 ’дэталь саней, полаз’ (ТСБМ, ТС), полозінец ’след ад палазоў’ (Сл. Брэс.), палазо́к ’дэталь плуга, якая слізгаюць па зямлі’ (Сл. ЦРБ). Укр. по́лоз ’полаз’, рус. по́лоз ’полаз’, ’санны след’, польск. płoza ’полаз’, płóz ’частка плуга, якая слізгаюць па зямлі’, чэш. plaz ’тс’, славен. plaz, серб.-харв. плаз ’частка плуга’, балг. плаз ’полаз; частка плуга’. Прасл. *polzъ, і.-е. корань *polgʼ‑ (Чарных, 2, 53). Фасмер (3, 314) прыводзіць роднаснае англа-сакс. fealg ’вобад, барана’, ст.-в.-ням. fëlga ’тс’. Анікін (Этимология–1980, 44, 48) выключае магчымасць сваяцтва з герм. *felgō ’вобад’, і, зыходзячы з семантыкі ’след’, якая развілася з першапачатковага значэння ’паўзці’, прапануе іншыя адпаведнікі: герм. *fulg‑ ’рухацца ўслед’, англ.-сакс. folgian, fylgan ’рухацца ўслед, ззаду’, follow ’ісці ўслед, суправаджаць’, ням. folgen ’тс’; рэканструяваныя і.-е. *pelgʼh‑/*polgʼh са значэннем ’паўзці, слізгаць’ з далейшым развіццём семантыкі ў асобных індаеўрапейскіх мовах (’паўзці, слізгаць’ > след’ > ’ісці па следзе’ > ’рухацца ўслед’), якія маюць надзейную паралель у сям’і слоў, што групуюцца вакол і.-е. кораня *(s)leigh‑/*(s)loidh‑/*(s)lidh‑ ’слізгаць’, параўн. прасл. *slědъ, *slěditi, *slědovati. Гл. яшчэ паўзці.

По́лаз2 ’крыло брадніка’ (КЭС), палазэ ’рыбалоўная крыга’ (ЛА, 1). Называецца так паводле падабенства: прылада складаецца з двух палазоў, за якія яе цягнуць па дне, параўн. іншую назву гэтай прылады — сані (ЛА, 1). Да полаз1 (гл.).

По́лаз3 ’неядавітая змяя сямейства вужоў’ (ТСБМ), ’капрызная асоба’ (Юрч. СНС). Укр. по́лоз, плазу́н, рус. по́лоз ’тс’; польск. płaz ’земнаводнае’. Банькоўскі (2, 621) лічыць біблейскім багемізмам са ст.-чэш. plaz, чэш., славац. plaz ’тс’. Прасл. *polzъ, ідэнтыфікуецца з полаз1 (гл.), Фасмер, 3, 314.