Пол1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)