Паўзці́, драг. поўзтэ́ ’павольна перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам, на жываце, на карачках; слацца па паверхні, чапляючыся за што-н.’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. повзти́, рус. ползти́, польск. pełzać, pełznąć, чэш. plazit se, plznouti, славац. plaziť sa, славен. pólzati ’паўзці’, plȇzati ’узбірацца’, polzéti ’коўзацца’, pláziti ’датыкацца, кратаць што-н.’, серб.-харв. пу̏зати, пу́зити, макед. ползи, балг. пълзя́, пле́зя, ст.-слав. плъзати, плъзати, плѣсти, плѣсти. Прасл. pьlzti (polzíti sę, pelzati) < і.-е. *pel‑g̑h‑/*polg̑h‑/*pḷg̑h‑, якія маюць іншыя варыянты гэтага кораня: *plou̯‑ (ст.-слав. плоути ’плыць’, літ. plústi ’паплыць’, ст.-інд. plávate ’плыве, ляціць’) і з суфіксам ‑g‑ *plou̯g‑ (прасл. plugъ ’плуг’, чэш. plouhati ’цягнуць па зямлі’, ст.-польск. płużyć ’швэндацца’). І.‑е. варыянты *pel‑g̑h‑/*pleu̯‑gh‑ адлюстраваны ў формах: прагерм. felgan/flogan (ст.-англ. fielg, ст.-в.-ням. felga ’ўзаранае поле’, ’барана’ — бел. паўзу́ха ’плуг’, ст.-ісл. fliugą ’ляцець’ і інш. — гл. В. Мартынаў, Лекс. взаим., 175–178). Беручы пад увагу семантычную прыкмету ’слізганне па паверхні, пакіданне следу’, Анікін (Этимология–1980, 41–49) суадносіць прасл. pelz‑/polz‑/pьlz‑ з герм. *fulge‑ ’ісці ўслед’, ’ісці па следу’ < ’след’ < ’паўсці, коўзацца’ і з кельц. (брыцк.) *olg(os) ’след, ісці па следу’, новабрэтонск. heul ’вынік, працяг’, кімрск. ol ’след, тыл’, olaf ’апошні’. Сюды ж паўзу́н ’дзіця, якое яшчэ не ходзіць, а толькі поўзае’ (ТСБМ, Нас.), ’земляная жаба’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’вазон’ (раг., Мат. Гом.), ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’ (Касп.), ’плывун’ (швянч., Сл. ПЗБ), паўзун палявы, кам. пувзу́н ’вязель стракаты, Coronilla varia L. (брэсц., гродз., Кіс.; Выг.), паўзу́ха ’павітуха, Cuscula L.’ (шум., Сл. ПЗБ), паўзу́чік ’гарлянка. Ajuga reptans L.’ (петрык., Мат. Гом.), паўзунцы ’вазон’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)