Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Псава́ць ’рабіць непрыгодным, непрыдатным; глуміць’, псава́ць кроў ’злаваць, раздражняць’ (ТСБМ, Мал., Нік. Очерки, Бес., Булг., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Шат., Сл. ПЗБ), псова́ць, псува́ць ’псаваць’ (Мядзв., Нас., Байк. і Некр., Бяльк., ТС), псуць ’псаваць’ (Нас., ТСБМ). Укр. псува́ти ’тс’, рус. дыял. псова́ть, псувать, псить ’тс’, польск. psować (XVI–XVII стст.), psuć ’тс’, ст.-чэш. psouti ’лаяць, сварыцца’, славен. psováti ’тс’, серб.-харв. псо̀вати ’тс’, балг. псу́вам ’гаварыць непрыстойныя і крыўдныя словы’, макед. пцуе ’лаяць, ганьбіць, сварыцца’. Прасл. *pьsovati, адназоўнікавае ўтварэнне ад *pьsъ (гл. пёс), параўн. БЕР, 5, 842. Аднак праславянскасць сумнеўная, звычайна разглядаюцца як самастойна ўзнікшыя словы ў асобных славянскіх мовах па тыпалагічнай мадэлі ’сабака’ → ’лаяць, абражаць; глуміць, псаваць’, параўн. літ. šunióti ’лаяць, абражаць’ ад šũo ’сабака’, ням. hunzen ’ганьбіць, параўноўваючы з сабакам; глуміць, псаваць’ пры Hund ’сабака’ (Сной₂, 591; ЕСУМ, 4, 359, 623). Банькоўскі (2, 958) псаваць, укр. псувати і славац. дыял. psuť выводзіць з польскай мовы, што можна прыняць, відаць, толькі для значэння ’глуміць, псаваць’. Гл. таксама Запрудскі, дыс., 82.

Пса́йка (psai̯ka) ’страказа’, бча́йка ’тс’. Дзендзялеўскі (Зб. Нахцігалу, 102) выводзіць з *pьs‑aj‑bk‑a, спасылаючыся на іншыя назвы насякомых з коранем *pьs‑ (гл. пёс): укр. песюха, песяча муха, песя муха ’Hippobosca equina L.’, славац. psota, psotka ’невялікі вячэрні ці начны матылёк’. Няпэўна, параўн. пчайка (гл.). Магчыма, памылкова прачытанае pšaika (пшайка).

Псець ’старэць (аб сабаку, а пагардліва і аб чалавеку)’ (Нас., Шат.). Паланізм. Параўн. польск. psieć ’рабіцца штораз горшым, як сабака’, ад pies (Банькоўскі, 2, 957), гл. сапсе́ць.

Псе-псе-псе, псе́йко‑псе́йко ’падзыўныя словы для каровы’ (Янк. 2; ст.-дар., Жыв. НС), ласк. псе́йка ’кароўка’ (парыц., Некр.; Янк. 2; петрык., Жыв. сл.), псё‑псё ’падзыўныя словы для каня’ (Нас.), псёйка, псе‑псе! ’падзыўныя словы для каровы’ (парыц., Некр.; ганц., ДАБМ; ТС), псе́йкаць ’падзываць карову’ (Янк. 2), сюды ж псюх‑псюх‑псюх ’падзыўныя словы для кароў’ (паст., ДАБМ). Гукапераймальныя словы няяснага паходжання. Звяртае на сябе ўвагу падабенства да “яцвяжскага” pesi ’быдла’, якое Зінкявічус (Балто-слав. этнояз. отнош., 20) параўноўвае з літ. pẽkus, ст.-прус. pecku ’жывёла’ ст.-інд. páśu і пад.

Псёлька, псёлечка ’ласкавы зварот да каня’ (Нас.), псёлька ’маленькае жарабя’ (Шат.), псёль‑псёль! ’падзыўныя для жарабяці’ (Шат.). Рус. смал. псёлька ласк. ’падзыўное слова для каня’, псёля ’тс’, псель, псёль ’падзыўныя словы для коней’. Гл. псе-псе-псе.

Псі ’сабачы’ (Байк. і Некр.). З польск. psi ’тс’.

Псік ’выгук, якім адганяюць ката’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Нас., Янк. 1; в.-дзв., карэліц., Шатал.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), псі́каць, псі́кнуць ’сказаць, крыкнуць псік’ (Нас., ТСБМ). Гл. апсік.

Псі́кус ’стары сабака’, ’вымова’ (Нас.). З польск. psikus < psi kus ’свавольства’.

Псі́на ’пра сабаку, звычайна вялікага; пра пах сабакі, яго поўсці’; ’пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), ’сабачае мяса’ (Нас., Растарг.), псі́ны ’сабачы’ (Нас., Бяльк.). Параўн. укр. пси́на ’сабака’, рус. пси́на ’тс’, польск. psina ’тс’, славен. psína ’сабачына’, дыял. ’злосць, здрада’: psina mu gieda iz oči. Вытворныя ад *pьsъ ’сабака’, параўн. Бязлай, Etyma, 160.

Псі́ніць ’намакаць да гніення, набываючы сіні колер’ (ТСБМ, Нас.). Ад псіна, псіны, гл. папярэдняе слова. Сувязь з сіні другасная.