Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пе́вень, піэвень, піе́вянь, пе́вянь, пі́вэнь, пі́вінь ’самец курыцы’ (ДАБМ, к. 294; Сцяшк. Сл., Мядзв., Гарэц., Бяс., Мал., Шпіл., Шат., ТС), ’журавель’ (пін., КЭС; Дразд.), ’надзьмуты чалавек’ (шкл., Мат. Маг.), сюды ж пе́вень, пеўнік ’трэшчыны на лёдзе ад удару’ (ТС) з-за падабенства на хвост пеўня. Укр. пі́вень, рус. дыял. пе́вень. Бел.-укр. ізалекса (на рус. тэрыторыі лексема пашырана ў дыялектах, прылягаючых да бел. і ўкр. моўнай тэрыторыі). Утворана пры дапамозе суф. ‑ень (< прасл. *‑enь) ад дзеяслова шматразовага дзеяння *pěv‑ati, які з *pěti, pojǫ > пець (гл.), адносна словаўтварэння гл. Вярхоў, Аб некат. асабл., 36. Значэнне ’журавель’, відаць, табуістычнае — процілеглае кантамінацыйнаму жу‑равельжораў і журба), звязанаму з паняццем ’журба, смутак’. Ст.-бел. певень: петуховъ певніовъ чотыры (1592) сведчыць пра першапачаткова ўдакладняючы характар назвы, аднак у Бярынды яны супрацьпастаўлены тэрытарыяльна: “волынски певень, литовски петухъ”, што наказвае на распаўсюджанне з поўдня.

Пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.). У выніку кантамінацыі лексем пе́гі ’вяснушкі, плямы’ і гарэць (гл.).

Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск. piega, н.-луж. pěga, в.-луж. piha, чэш. píha, славац. peha, балг. пе́га ’вяснушка’, славен. pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед. пега ’тс’, серб.-харв. пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус. пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав. пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл. *pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е. *poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд. piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац. pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч. πίγγαλος ’яшчарка’), паралельнага да і.-е. *pei̯kʼ‑ > што дало прасл. *pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр. пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус. писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыя бел. пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск. piegi ’вяснушкі’.

Педаго́гіка ’навука аб метадах навучання і выхавання’ (ТСБМ). Узыходзіць да ст.-грэч. ή παιδαγωγική (τέχνη) ’мастацтва выхавання, навучання’ < παιδαγωγικός ’які адносіцца да выхавання ці навучання’ < παιδαγωγός ’выхавацель, настаўнік’, а апошняе ўтворана з слоў παίς (παιδός) ’дзіця’ і ἄγειν (ἄγω) ’вяду’ < ’той, хто вядзе хлопчыкаў’. Параўн. ст.-бел. педакгокгия ’выхаванне’ (1663 г.), педакгокгь ’педагог’ (1598 г.).

Пе́даль ’нажны рычаг у машынах і прыстасаваннях’ (ТСБМ), міёр. піда́ліна ’тс’ (Нар. словатв.). Праз рус. мову прыйшло з ням. Pedal ці франц. pédale, якія з італ. pedale < лац. pedālis ’нажны’, — спачатку ’педаль у музычных інструментах’ (Фасмер, 3, 225; Голуб-Ліер, 364).

Пе́дарка ’божая кароўка’ (ст.-дар., Жыв. НС), педу́рка‑се́дурка (кам., Шатал.; З жыцця, 166; ЛА, 1) — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, першапачаткова прыметніка *bedrъ, утворанага ад дзеяслоўнай асновы *bed‑/*bod‑ ’калоць’, гл. бадаць1; у адносінах да божай кароўкі можна гаварыць пра значэнне ’наколаты, пакрыты сямю кропкамі’. Лексема ўзнікла ў выніку другасных асэнсаванняў у сувязі з імёнамі людзей — у дадзеным выпадку Фёдар/Пётр і Сідар. Гл. таксама федарка, петра-паўла (Трубачоў, Эт. сл., 1, 180–182).

Пе́дрык (пэ́дрык) ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (іван., Жыв. НС). Гл. папярэдняе слова. Параўн. таксама вэ́дрык, петрык, петрачок ’тс’.

Пейза́ж ’краявід’ (ТСБМ). З рус. пейзаж ці з польск. pejzaż (старое pejsaż) ’краявід на карціне’, якія з франц. paysage < pays ’мясцовасць, краіна’.

Пе́йсы ’бакі’ (мазыр., Мат. Гом.), ’патлы’ (светлаг., Мат. Гом.; ТС), ’валасы’ (хоцім., ЛА, 3); сюды ж пейса́ч, пейсмач, пейса́ты ’валасаты’ (ТС). Гл. пэйс, пэйсы.

Пек ’густое вязкае або цвёрдае рэчыва чорнага колеру, якое застаецца пасля перагонкі дзёгцю або смалы’ (ТСБМ). З рус. пек смала, дзёгаць’, якое (у пач. XVIII ст.) з гал. pek ’смала’ (Фасмер, 3, 226).