Педаго́гіка ’навука аб метадах навучання і выхавання’ (ТСБМ). Узыходзіць да ст.-грэч. ή παιδαγωγική (τέχνη) ’мастацтва выхавання, навучання’ < παιδαγωγικός ’які адносіцца да выхавання ці навучання’ < παιδαγωγός ’выхавацель, настаўнік’, а апошняе ўтворана з слоў παίς (παιδός) ’дзіця’ і ἄγειν (ἄγω) ’вяду’ < ’той, хто вядзе хлопчыкаў’. Параўн. ст.-бел. педакгокгия ’выхаванне’ (1663 г.), педакгокгь ’педагог’ (1598 г.).
Пе́даль ’нажны рычаг у машынах і прыстасаваннях’ (ТСБМ), міёр. піда́ліна ’тс’ (Нар. словатв.). Праз рус. мову прыйшло з ням. Pedal ці франц. pédale, якія з італ. pedale < лац. pedālis ’нажны’, — спачатку ’педаль у музычных інструментах’ (Фасмер, 3, 225; Голуб-Ліер, 364).
Пе́дарка ’божая кароўка’ (ст.-дар., Жыв. НС), педу́рка‑се́дурка (кам., Шатал.; З жыцця, 166; ЛА, 1) — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, першапачаткова прыметніка *bedrъ, утворанага ад дзеяслоўнай асновы *bed‑/*bod‑ ’калоць’, гл. бадаць 1; у адносінах да божай кароўкі можна гаварыць пра значэнне ’наколаты, пакрыты сямю кропкамі’. Лексема ўзнікла ў выніку другасных асэнсаванняў у сувязі з імёнамі людзей — у дадзеным выпадку Фёдар/Пётр і Сідар. Гл. таксама федарка, петра-паўла (Трубачоў, Эт. сл., 1, 180–182).
Пе́дрык (пэ́дрык) ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (іван., Жыв. НС). Гл. папярэдняе слова. Параўн. таксама вэ́дрык, петрык, петрачок ’тс’.