Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пта́сі ’птушыны’ (смарг., Сл. ПЗБ). З польск. ptasi ’тс’, нерэгулярнай формы ад ptak ’птушка’ замест ptaszy, параўн. разм. grosik ’грошык’ ад grosz.

Пта́ства, пта́ство ’птушкі’, ’свойскія птушкі’ (ТСБМ, Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Шат., Інстр. 2; люб., Жыв. сл.; дзятл., лід., шчуч., Сл. ПЗБ; ТС, Сл. Брэс., ГЧ). З польск. ptastwo, ptactwo ’тс’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі дэрыватамі ад ptak ’птушка’. Параўн. Брукнер (446) і наступнае слова.

Птах ’птушка (звычайна вялікая)’, ’птушка-самец’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Мік., Булг., Нас., Ласт., Байк. і Некр.; драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; Ян.; бяроз., ЛА, 1), пташ ’тс’ (Нас.), таксама пта́ха ’птушка; вялікая птушка’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Нас., Янк. 3., Мат. Гом.; маст., жабін., ЛА, 1), пта́шка ’птушка’ (Мат. Гом., ТС), ’дробная птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, ЛА, 1), пташʼё ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пта́шы ’птушыны’ (Нас.). Ст.-бел. птахъ (1580, Карскі 2-3, 36). Укр. птах, пта́ха, пта́шка ’птушка’, рус. дыял. птах, пта́ха (птя́ха), пта́ша ’тс’. Вытворныя ад прасл. *pъta (гл. птушка) з рознымі агентыўна-пеяратыўнымі суфіксамі. Булыка (Запазыч., 270) ст.-бел. птахъ ’птушка’ лічыць запазычаннем з польск. ptach ’тс’, але шырокі дыяпазон вытворных з такімі суфіксамі ва ўсходнеславянскіх мовах паказвае, што птах магло ўтварыцца і на уласнай глебе. Німчук (Давньорус., 171) сцвярджае, што памяншальна-ласкальныя формы тыпу стараж.-рус. пътахъ, пътаха маюць яшчэ праславянскае паходжанне.

Пта́шачка (пташэчка) ’фігурка ў вільчыку франтона саламянай страхі’ (ТС). Да папярэдняга слова; па аналогіі з птушкамі, якія сядзяць на страсе; параўн. рус. конёк ’тс’.

Пта́шыць ’карпатліва збіраць, назапашваць’ (тураў., Выг.). Дэрыват ад птах (гл.). Параўн. рус. пташить, але з супрацьлеглым значэннем ’пырхаць; весці легкадумнае жыццё’.

Птрусь, птусь ’водгук, які выкарыстоўваюць пры выгане кароў’ (Мік., Нас.), птрусь‑птрусь ’падзыўныя словы для каровы’ (Нас.). Укр. птруту! ’вокліч на ягнят у гуцульскіх пастухоў’, рус. цвяр. птрусь ’падзыўное слова для цялят’, з перастаноўкай гукаў тпрусень ’тс’. Словы ўтвораны на аснове анаматапеічнай дэрывацыі. Магчыма, звязаны з “дзіцячымі” словамі птру́ці, птру́грнкі, тру́цькі ’гуляць’ ці птру ’вокліч пры спыненні каня’ (Нас.), што з’яўляюцца т. зв. першаснымі інтэр’екцыямі. Параўн. ЕСУМ, 4, 624.

Птушане́ц ’ластавень лекавы, Antitoxicum officinale Pobed.’ (Байк. і Некр., Кіс.), пташанёц ’тс’ (маг., Кіс.). Укр. пташинёць ’сырадэля, Omithopus L.’ Дэрыват ад птушыны, пташыны < пту́шка, пташка з суф. ‑ец. Семантычная матывацыя, відаць, тлумачыцца падабенствам кветак ці лістоў да частак цела (хваставога апярэння) птушкі, параўн. ластавёнь (гл.). Параўн. ЕСУМ, 4, 624.

Птуша́тнік ’ястраб’; ’хлапец, што разбурае птушыныя гнёзды’ (Нас.). Рус. смал. птушатник ’драпежная птушка, якая па-люе на іншых птушак, з’ядае птушыныя яйкі’; ’аматар птушак і птушыных яек’. Да птушка (гл.). Матывы намінацыі відавочныя з дэфініцыі значэння, параўн. укр. пташачар ’коршак, Accipiter nisus L.’.

Птуша́чы, птушыны ў выразе птушачая (птушыная) дарога ’Млечны Шлях’ (Сержп. Грам., Байк. і Некр., Некр.). Да птушка; адносна семантыкі параўн. густа дорога ’тс’: гэто шые дорогі, шчо птаство ў поўрэй меціць (ТС).

Пту́шка (ТСБМ, Мядзв., Нас., Гарэц., Касп., Шат., Раст., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’хатняя птушка’ (Сл. ПЗБ), птух, пту́ха ’птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (Байк. і Некр., Мат. Гом.; пруж., драг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), пту́шша ’птушкі’ (Байк. і Некр.), пту́шшо ’тс’ (Бяльк.). Рус. паўдн., зах. пту́шка, птю́шка ’птушка, птушачка, пташка’, птух, пту́ха, птю́ха ’тс’. Прасл. дыял. (усх.-слав.) *pъt‑uxъ паралельнае да *pъt‑akъ, дыял. (пераважна зах.-слав.) *pъtъ‑axъ, гл. птах, пта́шка, што выводзяцца з прасл. *pъta, прадстаўленага таксама з іншай суфіксацыяй ва ўкр. пти́ця, рус. пти́ца, славен. ptíca, ptìč, серб.-харв. пти̏ца, балг. пти́ца, макед. птица, ст.-слав. пътица, птица. Усё гэта дэмінутыўныя ўтварэнні ад *pъta з праславянскай антрапаморфнай семантыкай ’птушкі’ — ’дзеткі’ (Трубачоў, Этногенез₂, 194). Роднасныя лат. putns ’птушка’, літ. putýtis ’пташка’, pùte, pučiùte ’курыца’, лац. putus ’дзіця’, putillus ’тс’, putila ’птушанё’, літ. paũtas ’яйка’, лат. pàuts, ст.-прус. pawtte ’тс’. Гл. Бернекер, JF, 9, 362; Траўтман, 233; Мюленбах-Эндзелін, 3, 344; Фасмер, 3, 398; Махэк₂, 496; БЕР, 5, 842–844; Шустар-Шэўц, 2, 1186; Бязлай, 3, 133; Сной₂, 591; ЕСУМ, 4, 624; Банькоўскі, 2, 960.