Птах ’птушка (звычайна вялікая)’, ’птушка-самец’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Мік., Булг., Нас., Ласт., Байк. і Некр.; драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; Ян.; бяроз., ЛА, 1), пташ ’тс’ (Нас.), таксама пта́ха ’птушка; вялікая птушка’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Нас., Янк. 3., Мат. Гом.; маст., жабін., ЛА, 1), пта́шка ’птушка’ (Мат. Гом., ТС), ’дробная птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, ЛА, 1), пташʼё ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пта́шы ’птушыны’ (Нас.). Ст.-бел. птахъ (1580, Карскі 2-3, 36). Укр. птах, пта́ха, пта́шка ’птушка’, рус. дыял. птах, пта́ха (птя́ха), пта́ша ’тс’. Вытворныя ад прасл. *pъta (гл. птушка) з рознымі агентыўна-пеяратыўнымі суфіксамі. Булыка (Запазыч., 270) ст.-бел. птахъ ’птушка’ лічыць запазычаннем з польск. ptach ’тс’, але шырокі дыяпазон вытворных з такімі суфіксамі ва ўсходнеславянскіх мовах паказвае, што птах магло ўтварыцца і на уласнай глебе. Німчук (Давньорус., 171) сцвярджае, што памяншальна-ласкальныя формы тыпу стараж.-рус. пътахъ, пътаха маюць яшчэ праславянскае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)