По́жаг ’ражон’ (ТСБМ), ’дзяржанне, чаранок’ (воран., LKK, 16, 186). Рус. пожо́г ’качарэжнік’, ’кол’, польск. (з бел.-літ. пагранічча) pożoch ’тс’. Грынавяцкене і інш. (тамсама) лічаць запазычаннем з літ. pãžagas ’качарэжнік’, у такім выглядзе зафіксаваным і на беларускай тэрыторыі: пажаґас ’тс’ (ЛА, 4); мяркуецца, што пра гэта сведчыць сувязь з žãgas ’штабель дроў’, а таксама па фанетычных, марфалагічных і лінгвагеаграфічных прычынах. Сумнеўна, асабліва ў святле сінанімічнай формы во́жаг (гл.). Прасл. *požegъ. Форма пажага́ч ’прут’ (шчуч., Сл. ПЗБ) магла ўтварыцца пад уплывам літаратурнай формы або самастойна ад пожаг з экспрэсіўным суф. ‑ач.
По́жарка ’трэшчына на лёдзе’ (Сл. Брэс.), пожо́ра ’вада паверх лёду, верхаводка’ (ТС); параўн. абжо́ра ’вада паверх лёду’ (ЛА, 2), рус. обжо́р ’тс’, зажо́ра ’палонка’, ’яма’, зажо́ры ’талая вада пад снегам, у ямах на дарозе і палях’, чэш. požírka, požeradlo ’прадонне, глыбокае месца ў вадзе’. Узыходзіць да прасл. *žerdlo/*žьrdlo (гл. жарало), з якога ў некаторых дыялектах развілося значэнне ’крыніца’: параўн. укр. бойк. žereło ’крыніца’, польск. źródło ’тс’ і пад. У якасці назвы балота гэтая аснова ў рус. жорло́ ’правал; багністае месца на балоце’ (Куркіна, Этимология–1967, 132). Са значэння ’крыніца’, г. зн. ’вада, якая выступае з-пад зямлі’, развілося значэнне ’вада, якая выступае з-пад лёду ці снегу’. Параўн. яшчэ нажор.
По́жня ’зжатае хлебнае поле’, ’сенажаць’ (ТСБМ, Янк. Мат., Некр., Нас., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., Шатал., Выг., Сцяшк. Сл., ТС, Бяльк.), ’іржэўнік — салома, скошаная на іржышчы’ (ТС), по́жань, по́жня, по́жанька ’невялікі лужок сярод ворыва’ (Касп.), по́жынька ’абложная зямля’ (ДАБМ, камент., 858), Укр. пижня ’сенажаць’, рус. по́жня. Бязлай (Eseji, 140) далучае сюды тапонімы харв. Požanj, Požnja, што дазваляе рэканструяваць на славянскай тэрыторыі дзве арэальныя сельскагаспадарчыя падсістэмы: *požьnь — *senožętь і *pokosъ — *sěnokosъ. Аддзеяслоўны наз. ад формы 1 ас. *žьnǫ, žęti ’жну, жаць’, гл. жаць.