Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́за ’пастава, становішча цела’; няшчырыя паводзіны’ (ТСБМ). З руск. поза, якое з франц. pose ’становішча цела; поза’ ад poser ’размяшчацца, стаяць; пазіраваць’, што з нар.-лац. pausare ад лац. pausa ’спыненне, затрымка’ (Чарных, 2, 49–50); паводле Фасмера (3, 303), рус. лексема з ням. Pose < фр. pose. Гл. яшчэ паўза.

По́зва ’выклік, павестка’, ’паведамленне’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ), пазыва́ць ’выклікаць’, ’запрашаць’ (Сл. ЦРБ). Аддзеяслоўны назоўнік ад ст.-бел. позвать ’выклікаць у суд’ (1423) < *pozъvati, гл. зваць. Словаўтварэнне, як у назва < назваць.

По́зірк ’погляд’ (ТСБМ); паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 44), у народнай мове ’імклівы, пабежны погляд’, тады як пагля́д (гл.) адпавядае рус. взгляд. Да пазіраць, зіркаць (гл.).

По́зні ’які набліжаецца да канца, мінае’, ’які надыходзіць пасля звыклага ці патрэбнага часу’ (ТСБМ), ’позні’ (ТС), по́зны ’тс’ (Шат.). Укр. пізній, рус. поздний, польск. późny, ст.-польск. pozdny, н.-луж. pózny, в.-луж. pózdni, чэш. pozdní, славац. pozdný, славен. pozen, серб.-харв. по̏зан ’тс’, балг. по́зден, ст.-сл. поздьнъ ’марудны, павольны’. Прасл. *pozdъ < *posdъ, корань poz‑ < і.-е. pos‑, суф. ‑d‑, як у *tvьr‑d‑ъ > цвёрды, або ў *podъ ’пад’, *nadъ ’над’. Роднаснае літ. pãskui ’тс’, pãstaras ’апошні’, лац. post ’тс’, тахар. B om‑post‑am ’пасля’, алб. pas ’тс’ (Фасмер, 3, 303; Чарных, 2, 50). Банькоўскі (2, 755) прапануе суаднесці прасл. *pozdъ (якое з і.-е. *(s)pod‑dh‑o‑s) з ням. spät ’позні, запознены’.