По́казка ’прыказка, байка’ (Янк. 1, Сл. ПЗБ). Ад по‑казка > да по- і казаць (гл.).
По́каст ’пакост’ (бар., Сл. ПЗБ). Гл. пакост ’тс’. Банькоўскі (2, 682) польск. pokost выводзіць ад дзеяслова pokościć ’пакрыць дрэва палітурай, прыдаўшы фактуру паліраванай косці’, што да kość (гл. косць), параўн. у выразе у одном поко́сце ’ў нязменным стане, выглядзе (пра чалавека)’ (ТС), і покосці́ць ’пакрываць пакостам’ (там жа).
По́кат 1 ’кола’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), параўн. рус. покато́к ’невялікі валік, цурка, якія падкладаюць пад вілы, каб лягчэй соваць саганы’. Бязафікснае ўтварэнне ад пакаціць < каціць, гл. пакот 2 ’тс’.
По́кат 2 ’гульня, пры якой выпрабоўвалі моц велікодных яек’ (Мат. Гом.). Бязафіксны назоўнік ад пакаціць < каціць (гл.).
По́кат 3 ’прыстасаванне для пагрузкі лесу’ (Мат. Гом.), пакош покаты ’лагі, па якіх закочваюць бярвенні на зруб’ (ТС). Гл. пакат у.
По́катам ’адзін каля аднаго, упокат’ (ТСБМ), по́котам ’тс’ (ТС), укр. по́котом ’тс’, польск. pokotem ’тс’ (паводле Банькоўскага — украінізм, гл. Банькоўскі, 2, 682). Да пакаціць ’паваліць’, параўн. рус. вповалку ’тс’, польск. na pował ’тс’. Гл. каціць ’валіць, куляць’.
По́каць ’лопацца (пра пупышкі), перыць бялізну’ (Сл. ПЗБ), ’без меры есці ці піць’, ’рвацца; надрывацца’, ’раздувацца (ад гневу)’: цебе сянни покаець (Нас.), по́кыць ’лопаць, гучна ляскаць; прагна есці’ (З нар. сл.), покнуць ’трэснуць, лопнуць’ (Варл.), ’разбіць’ (Сл. ПЗБ), ’выцяць’ (Бяльк.), по́кацца ’лопацца, трэскацца’ (Касп.), ’распускацца (пра пупышкі)’ (Варл.), по́кала ’пражора’ (Бяльк.). Укр., рус. покать ’стукаць, калаціць’, палаб. păkně ’падае’, славен. pókati ’ляскаць, грымець’, балг. по́кам ’стукаць’, макед. по́кнуват са ’трэскацца (пра вусны)’. Ад гукапераймальнага *pokъ (*pukъ): пок ’гук падзення; гук стрэлу’ (Юрч. СНЛ), ’гук трэскання’ (Нас.), покаўка ’ляскаўка’ (Нас.), рус. пок ’гук пры разрыве; трэск’, славен. pòk ’трэск’ (параўн. Цвяткоў, Запіскі, 69; БЕР, 5, 482; Сной, 463). Гл. пукаць.
По́кі ’пакуль’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. ПЗБ). Укр. по́ки, рус. пока́, поки, польск. póki ’тс’. Сцяжэнне выразу *po kъj časъ ’як доўга; да якога часу’, дзе *kъjь ’які’ — ад’ектыўнае вытворнае ад займенніка *kъ ’хто’ (Фасмер, 3, 304; 2, 280; ЭССЯ, 13, 176–177; Банькоўскі, 2, 750). Сюды ж по́кіль, покі́ль ’пакуль, дакуль’, ускладненае канцовай партыкулай ‑ль.
По́клад ’яйка або прадмет падобны на яго, які кладуць там, дзе хочуць, каб несліся куры’ (ТСБМ, ТС, Касп.), подклад ’яйка, якое падкладваюць пад курыцу’ (Мік.). Ад *po‑klad‑ti > *po‑klasti, po‑kladǫ < *klasti, kladǫ. Да класці (гл.).
По́клуска ’палка, якую клалі на воз, каб пашырыць яго плошчу’ (драг., Сл. ПЗБ). Параўн. таксама паклеска і по́пліска (гл.).
По́крупне ’высеўкі’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж падкру́пніца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), падкру́пʼя ’дробныя грэцкія крупы’ (Бяльк.). Рус. подкрупка ’мука, высеяная з крупаў’, подкру́пье ’тс’. Першапачаткова, магчыма, покрупʼе з далейшым пераходам ‑пʼе ў ‑пне. Семантыка: тое, што застаецца ’па крупах’, г. зн. пасля таго, як зерне змелена. Да по- і крупы (гл.). Формы з пад‑, відаць, пад уплывам народнай этымалогіі з семантыкай ’нібы крупы; не зусім крупы’, параўн. под- (гл.).
По́круцень ’вяртлявы хлапец’ (Арх. Бяльк.). Ад по- і круцень, параўн. круцень ’вір’ (Яшк.), да круціцца, круціць (гл.). Параўн. яшчэ рус. по́верть ’пра легкадумнага чалавека’.