Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́гань ’гадасць’ (Касп.). Укр. по́гань ’гнюс’. Бязафікснае ўтварэнне ад пага́ны (гл.).

По́геладзь ’імжа’ (Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, можна суаднесці з джолыдь (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. ожеледица ’галалёдзіца’, рус. ожеледь ’тс’, ’наледзь на дрэвах’, гледзьі глюдь ’галалёдзіца’, поглездка ’галалёдзіца; коўзанне па лёдзе’ (гл. гладкі). Мог адбыцца перанос значэння з выніку на прычыну: наледзь на дрэвах ці галалёдзіца часта з’яўляюцца пасля адлігі з імжой.

По́граб1 ’яма з крытым верхам і сценамі з бярвенняў; склеп’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Нас., Янк. Мат.), ’яма’, ’курган’ (Сцяшк. Сл.), по́гріб, по́грыб, по́граб ’тс’ (Бяльк.), по́гбар, по́ргаб ’пограб’ (Мат. Гом.). Ад грэбці ’капаць’, грэбаць (гл.), параўн. рус. по́ко́п ’пограб’ ад копа́ть.

По́граб2 ’хаўтуры’, ’пахаванне’ (Нас.; воран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. погребъ ’тс’ (1481). Польск. pogrzeb, в.-луж. pohrjeb, чэш. pohřeb, славац. pohreb, славен. pogrèb ’тс’. Архаізм, параўн. зыходнае ст.-бел. погребати ’хаваць; закопваць нябожчыка ў зямлю’ (1489) < гребти ’тс’, параўн. загрэбці: умёр чоловек, повезлі на могліца і загрэблі (ТС), грабкі́ ’хаўтуры’ (ЛА). Параўн. яшчэ славен. pokòp ’пахаванне’ ад pokopáti ’пахаваць’ > kopáti ’капаць’. Гл. грэбці ’капаць’, грэбаць.