По́лаг 1 ’пасцель парадзіхі’, ’палок’ (Бяльк.), ’роды’ (Сл. ПЗБ), półah ’хвароба жанчыны ў час нараджэння дзіцяці’ (Варл.). Укр. поло́ги, по́лаг, зло́ги ’роды’, польск. połóg ’роды; час пасля родаў’. Прасл. *pologъ ад *po‑lěgati, гл. лягаць, ляжаць з чаргаваннем у корані, параўн. выраз логма ляжаць ’ляжаць, не маючы сіл падняцца’ (Нар. сл.), по́лог ’палатно над ложкам або калыскай’ (ТС), гл.
По́лаг 2 ’завеса над ложкам, шырма’, (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’вялікая посцілка, якой апіналі дзіця ў калысцы’ (светлаг., SOr, 39, 356), ’посцілка насіць траву’ (Жд. 3), ’рэдкае палатно’ (Ян.). Укр., рус. по́лог ’полаг’. Прасл. *po‑logъ < *logъ (гл. лог, логава). Відаць, першапачаткова ’месца ляжання, пасцель’, потым ’посцілка’ > ’кавалак тканіны’ > ’заслона’. Значэнне ’рэдкае палатно’, відаць, пад уплывам пологі́ ’слаба спрадзены’ (Уладз.), параўн. антанімічную пару кру́та і полога́ пре́жа (тамсама) і рус. дан. по́лог ’грубая мешкавіна’, што суадносяць з рус. пологий ’плоскі, пакаты’ (Фасмер, 3, 313); гл. палогі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)