Плаз ’плоскасць якой-небудзь доўгай рэчы’, ’паласа ад удару чым-небудзь доўгім’ (Нас., Яруш.), плаз ’плоскі бок якога-небудзь прадмета’ (беласт., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. плазъ ’плоскі бок шаблі’ (1539 г.) са ст.-польск. płaz ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 70), якое Банькоўскі (622) узводзіць да plaza ’плоскі камень, каменная пліта’, а апошняе — да і.-е. *plōgʼā, прыметнік *plōgʼ‑o‑s (швед. flack, гал. vlak, ням. flack ’плоскі’, англ. flagstone ’каменная пліта для брукавання’). Брукнер (420) мяркуе, што польск. płaza — выключна польск. лексема, аднак параўн. стараж.-рус. плазивый ’гладкі’ (XII–XIII стст.). Бязлай (3, 51) славен. plȃz, pláza ’паласа, лінія, рыска, стужка’ параўноўвае з літ. plúoš(t)as ’лыка’, ’паласа’ і адносіць іх да і.-е. (s)p(h)el‑gʼ‑. Аднак, відаць, гэтыя славенскія лексемы генетычна не тоесныя з беларускімі. Сюды ж: плазава́ць ’біць, лупцаваць, сячы’ (Растарг.) < польск. plazować ’біць тупым канцом шаблі’ (з 1621 г.), а таксама плазава́ты ’які мае гладкую паверхню, гладкі, роўны’ (ТСБМ, Яруш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)